Пра дабрачынную акцыю ў Салігорску “Мы - разам!” раскажа праграма “Святло душы”
31 МАЯ 2018 (Четверг) 14:54:11 Новы выпуск праграмы “Святло душы”, які раскажа пра дабрачынную акцыю ў Салігорску “Мы - разам!”, слухайце 2 ліпеня ў 7:30 і 20:20 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.Слухайце ў праграме: "У гэты дзень паўсюль у праваслаўных храмах узгадвалася евангельскае чытанне пра тое, як Хрыстос вылячыў сляпога ад нараджэння чалавека. Пра духоўны сэнс гэтага евангельскага сведчання казаў у звароце да вернікаў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Госці з Мінска, пра якіх узгадаў уладыка - гэта дзеткі інклюзіўнага хору “Радасць душы”, што прыехалі са сваімі бацькамі. Адметнасць калектыву ў тым, што спяваюць у ім звычайныя дзеці, і маленькія артысты са слабым зрокам, і наогул з яго адсутнасцю. Разам з бацькамі яны пабывалі на Літургіі, а потым адбылася сустрэча са Святланай Анатольеўнай Сянько - старшынёй Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Прайшлі практычныя заняткі па этыцы суправаджэння дзетак з інваліднасцю. А далей усе скіраваліся ў Чыжэвічы, дзе знаходзіцца адзін з даўніх храмаў Беларусі - царква Пакрова Богародзіцы , якой больш за 200 гадоў. Некалі яна была пабудавана ў вёсцы Чыжэвічы, якая ўвайшла ў гарадскую мяжу. Менавіта тут служыў і ўславіў зямлю салігоршчыны святар Іаан Панкратовіч. Яшчэ пры яго жыцці храм у Чыжэвічах зачынілі. Айца Іаана расстралялі ў 1937- м за тое, што збіраў подпісы за ўзнаўленне набажэнстаў і заклікаў людзей падчас перапісу насельніцтва вызнаваць сваю веру. У царкве службы аднавіліся ў ваенны час і пасля храм не зачыняўся. Пры Свята-Пакроўскім храме вядзецца актыўная місіянерская работа і адбываюцца дабрачынныя акцыі. У другі раз хор “Радасць душы” прыехаў сюды з канцэртам, можна сказаць, што гэта ён падараваў мясцовым жыхарам свята сустрэчы з мастацтвам. У сваю чаргу маленькім артыстам салігорскія філіялы слуцкага сыраробчага камбіната і Барысаўскага хлебазавода прапанавалі свае прысмакі. Гасцей з Мінска вітаў дзіцячы хор “Васількі” Салігорскай школы мастацтваў і настацель Свята-Пакроўскага прыхода протаіерэй Мікалай Лабынько. Галоўных удзельнікаў свята - інклюзіўны хор “Радасць душы” аб'яднала ў дружны калектыў яго кіраўнік Алена Іванаўна Маслава. Ёсць у хоры свая “зорачка” Марыяна Савіч. Дзяўчынка іграе на скрыпцы, флейце і мае адметны голас. Бацькі актыўныя ўдзельнікі хору “Радасць душы”. На канцэрт у Салігорск яны везлі свах дзетак вялікай аўтакалонай, каб падзяліць радасць вандроўкі і творчасці разам са сваімі дзецьмі. Гэты музычны калектыў прапануе сапраўды ўнікальны вопыт: дзеці з інваліднасцю навучаюць звычайных дзяцей міласэрнасці"./ sobor.by/ Фото sluck-eparchiya.by (просмотров 2606) |
Новости разделов: