Праграма "Святло душы" раскажа пра бежанства ў гады Вялікай вайны

 
  
13 НОЯБРЯ 2015 (Пятница) 15:09:27
Памяць пра бежанства праз стагоддзі пранеслі нашы браты-беларусы Беласточчыны. Успаміны сведкаў, іх дзяцей і ўнукаў з цягам часу занатоўваліся, друкаваліся і сталі жывым лепапісам бежанства.

1915 год для рускай арміі стаў годам вялікага адступлення. Ваенныя дзеянні набліжаліся да падляшскіх і холмскіх вёсак, і з Каралеўства Польскага рушыла вялікая хваля бежанцаў.

Яшчэ ў ліпені ўпраўленні сельскіх гмін атрымалі нялёгкае заданне - апісаць нерухомую і рухомую маёмасць усіх гаспадароў. Акты ацэнкі мелі стаць падставай для кампенсацыі ў выпадку страты маёмасці ў ваенных дзеяннях, або наўмыснага знішчэння ўласнай арміяй. Ацэньваліся зямля, сабраны і несабраны ўраджай, жывёла, сельскагаспадарчыя інструменты, хата, гаспадарчыя пабудовы, прадметы ўжытку і вопратка.

Ціхан Трахімюк - жыхар вёскі Кленікі ў Гайнаўскім павеце сведчыў: “Напярэдадні ад'езду маці ўжо некалькі дзён пякла хлеб, бацька на жорнах малоў жыта на муку. На воз паклаў драбіны, выгнуў бярозавыя каблукі, папрыбіваў цвікамі да драбіны і папрывязваў да іх латы. Мама гэты воз накрыла старымі пакрываламі, каб схавацца ад дажджу і сонца. Мы паклалі на воз усё, што было найбольш неабходным у дарозе - адзін мех бульбы, два вялікія мяшкі жытніх сухароў, нейкае адзенне”.

Праваслаўнае духавенства таксама мусіла прытрымлівацца загадаў эвакуацыі царкоўнай маёмасці. У першую чаргу падлягалі адпраўцы царкоўныя званы, якія мелі стратэгічнае значэнне. Перавозілі іх да бліжэйшай чыгуначнай станцыі, адкуль траплялі яны ў Расію, у асноўным у артылерыйскі склад у Маскве.

Разам з прыхаджанамі выпраўлялася ў бежанства святарства. У весцы Шчыты перад ад'ездам было адслужана богаслужэнне. Прыйшлі натоўпы вернікаў. Спачатку святар служаў паніхіду, а пасля - малебен за падарожнікаў. Апошні раз забілі званы, затым іх знялі са званіцы і закапалі. Многія людзі плакалі.

5 жніўня германскія войскі занялі Варшаву, пад крэпасцямі Модлін і Асавец працягваліся цяжкія баі, Генерал Янушкевіч - начальнік расійскага Генеральнага штаба - выдаў загад аб знішчэнні ўсяго таго, што нельга было вывезці ў тыл, адыходзячы, бежанцы часта бачылі за сабой зарыва палаючых родных вёсак.

У канцы жніўня германскія войскі занялі Бельск, Беласток і дасягнулі Белавежскай пушчы. Сваім жыццём ахвяравалі ў тыя дні тысячы салдат расійскай арміі. Менавіта дзякуючы ім бежанцы з Падляшша маглі аддаліцца ад лініі фронту.

Апошні нумар газеты “Наша ніва” ў тыя дні паведамляў: ” З-пад Рыгі і Мітавы, праз Коўна, Сувалкі i Асавец, пад Беластокам, Бельскам і Бярэсцем і далей на поўдзень цягнецца, быццам стужка, чырвоная, крывавая мяжа: яна раздзяляе расейскія і нямецкія сілы. І з канца ў канец яе, як кінь вокам, на сотні вёрст ідзе страшэнны бой... Там, дзе рвуца бомбы і свішчуць кулі, спыняецца ўсялякая культурная праца: людзі думаюць толькi аб тым, каб захаваць сваё жыццё, каб ператрываць ліхія дні. Закрываюцца школы, зачыняюцца газеты, або вандруюць з мейсца на мейсца, з горада ў горад - туды, дзе спакайней...”

Уваходзячы ў паселішчы, кайзераўскія войскі не сустракалі амаль ніводнага жыхара, пра што сведчаць здымкі нямецкіх ваенных фатографаў. Вось серыя здымкаў, зробленых восенню 1915 года ў Шчытах: пустая вясковая вуліца, адзінокі хлопчык, бацька з дзвюма дзецьмі, які не пакінуў вёску. Засталіся ў асноўным тыя, хто рушылі пазней, іх па дарозе, недзе ў ваколіцы Белавежскай пушчы, завярнулі назад немцы.

Матыў Белавежскай пушчы часта паўтараецца ва ўспамінах бежанцаў-беларусаў з паўночнага Падляшша. Пушчанскія паляны былі своеасаблівым прытулкам, дзе яны маглі перачакаць фронт і вярнуцца ў пакінутыя вёскі.

Шлях бежацаў быў вельмі цяжкім. Дынамічная сітуацыя на фронце вымушала бесперапынны рух войскаў. Каб прапусціць калоны салдат і зброі, уцекачы былі вымушаны качаваць на абочынах дарог.

Адзін з паліцэйскіх рапартаваў у верасні 1915 года, ён так апісвае гэту драматычную сітуацыю: “Абозы бежанцаў, падобныя да рухаючыхся вёсак бедных людзей, ішлі вельмі павольна з-за стомленасці коней і цяжкага багажу не вазах. Шмат бежанцаў рухалася пешшу са сваімі вазамі і былі вымушаны часта і працягла спыняцца непадалёк нейкай мясцовасці. Амаль ўсе бежанцы ў парванай вопратцы, басанож. Не вытрамліваючы экстрэмальных умоў, хварэюць і без хуткай медыцынскай дапамогі - шматліка паміраюць...”

Дарогі, якімі рухаліся бежанцы, памячалі крыжы на магілах пахаваных, найчасцей без святара.

“У нашай сям”і ,- сведчыў Ціхан Трафімюк,- захварэла з вечара двое дзяцей - старэйшы брат і малодшая сястра. Вечарам захварэлі, а пад ранак памерлі. Я з бацькам выкапаў неглыбокую магілу, маці накрыла іх целы палатном і засыпалі зямлёй. У некаторых сем'ях паміралі бацька і маці, заставалася куча дзяцей у чыстым полі...”.

Восенню 1915 года лінія фронту на доўгі час затрымалася на лініі Рыга- Дзвінск- Баранавічы-Пінск. Рух бежанцаў з захаду спыніўся, а перамяшчалі людзей з прыфрантавой паласы.

Першым этапам дарогі бежанцаў былі вузлавыя станцыі Мінск- Баранавічы, Бабруйск, Шклоў, Орша. Тут яны маглі перасесці на цягнікі, каб працягнуць падарожжа ў глыб Расіі. Аднак, прыярытэт на чыгунцы меў ваенны транспарт, таму бежанцы былі вымушаны ў чаканні заставацца на пуцях некалькі тыдняў. Яны прадавалі за бясцэнак свае вазы і коней, бо тыя больш не былі патрэбны ў далейшай дарозе. Пераважная большасць бежанцаў з Гродзеншчыны, Падляшша і Палесся выбрала еўрапейскую частку Расіі, яе цэнтральныя, прыволжскія і надчарнаморскія губерні, частка іх трапіла на Урал і Сібір.

Раман Багроўскі, які трапіў з сям'ёй у веску Вялікае Пірагова на Разаншчыне ўспамінаў, што з першага дня мясцовыя жыхары прывозілі ім хлеб, булкі, малако.

Мікалай Загон быў уражаны дабрынёй людзей Тамбоўскай губерні: ”Яны прынялі нас так добра. Нас гаспадары пазабіралі ў свае дамы і можа з год дазвалялі нам гасцяваць і давалі ежу. Наш гаспадар на зіму пераязджаў у веску, а мы жылі на хутары. Ён даў нам каля сотні авечак, каб дагдядалі. Мы елі ялавічыну, часам птушку. Па муку заходзілі на млын. Я зайду туды, а гаспадары пытаюцца: “Чаго хочаш, хлопчык? Я прашу мукі, і яны насыпаюць мне цэлую торбу”.

Пасля рэвалюцыі можна было прыкмеціць змены настрояў мясцовага насельнітва ў стаўленні да бежанцаў. Уцекачы сталі разглядацца як чужародны і варожы элемент.

Вялікую актыўнасць у арганізацыі дапамогі бежацам аказваў Камітэт вялікай княжны Таццяны Мікалаеўны. Яго галоўнай мэтай было ўз'яднанне сем'яў, знаходжанне бацькоў і дзяцей, клопат аб бежанскіх сіротах. Кожная сям'я магла звярнуцца туды, каб атрымаць інфармацыю аб сваіх прапаўшых без вестак родных. Дзякуючы намаганням Камітэта адшукалася больш за паўмільёна людзей, у тым ліку 20 тысяч дзяцей. Аднак, пасля адрачэння цара і рэвалюцыі дзейнасць камітэта пайшла на спад.

У кастрычніку 1917 года ў Маскве адбыўся Першы з'езд бежанцаў-беларусаў. Драматычныя заявы яго ўдзельнікаў мелі вялікае значэнне ў рашэнні вяртання з выгнання. З другой паловы 1918 года бежанцы пачалі выкарыстоўваць любую адкрытую фортку ў расійска-германскай мяжы, якая вяла да радзімы. Тады бальшавіцкія і нямецкія ўлады дамовіліся ў справе іх вяртання ў Беларусь праз пагранічныя чыгуначныя станцыі.

Першая сусветная вайна нанесла незваротныя страты айчынным духоўным каштоўнасцям. У эвакуацыю былі вывезены Супрасльская ікона Божай Маці, якая ўяўляла сабой спіс Смаленскай іконы Багародзіцы і была падаравана Супрасльскай лаўры архімандрытам Іосіфам Солтанам у 1503 годзе. Разам з машчамі Гаўрыіла Беластокскага яна была дастаўлена ў Маскву.

Туды ж трапіла Каложская ікона Божай Маці, якая ў 17 стагоддзі была падаравана паміраючым жабраком гродзенскаму Барысаглебскаму храму. У 1914 годзе перад ёй маліўся Мікалай Другі з сям'ёй, і з іконай абышлі фарты гродзенскай цытадэлі. Былі сведчанні, што Каложская ікона выстаўлялася ў 20-я гады ў маскоўскім Румянцаўскім музеі.

Драматычны лёс аказаўся ў Леснінскай іконы Багародзіцы. Невялікі абраз Божай Маці на камені быў знойдзены на грушавым дрэве ў 1683 годзе і стаў галоўнай святыняй Леснінскага манастыра на Гродзеншчыне. Гэты абраз шанаваў апякун манастыра Іаан Крандштадскі. У 1915 годзе, перад пагрозай акупацыі Гродна, ікона трапіла на падвор'е Леснінскага манастыра ў Пецярбургу. У 1917 годзе манашкі вывезлі яе ў Кішынёў, а потым у Сербію. З 1967 года Леснінская ікона Божай Маці знаходзіцца ў мястэчку Правемон у Францыі.

У 1915 годзе з Вільні ў маскоўскі Данскі манастыр будучым Патрыярхам, а тады архіепіскапам Віленскім Ціханам Белавіным, былі вывезены мошчы віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія і Яўстафія. У 20-я гады яны сталі экспанатам музея атэістычнай прапаганты. У 1946 годзе па хадайніцтву Патрыярха Аляксея Першага мошчы пакутнікаў вярнуліся ў Вільнюс.

У тым жа 1915-м з Полацка ў Аўраміеў манастыр Растова Вялікага вывезлі мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Манашкі не пажадалі пакінуць сваю ахоўніцу і эвакуіраваліся разам са святыняй, якая толькі ў 1921 годзе вярнулася ў полацкi манастыр.

Незвычайны лёс напаткаў Жыровіцкую ікону Божай Маці. У 1915 годзе яна трапіла ў Маскву, дзе вандравала па некалькіх храмах. У 1922 годзе жыровіцкаму архімандрыту Ціхану Шарапаву давялося тайна вывезці яе, як кажуць, у слоіку з варэннем у Жыровіцы. Ікона страціла падчас вандраванняў аклад. Новы для яе зрабілі манахі Пачаеўскай лаўры ў 1922 годзе.

А вось Казанскую ікону Божай Маці з гродзенскага Пакроўскага сабора вывезці не паспелі, бо калі гродзенскія святыні спешна эвакуіравалі, кіёт іконы ніяк не адкрываўся. Пэўна, Божая Маці пажадала, каб яе абраз застаўся ў храме, які на працягу 20 стагоддзя ніколі не зачыняўся. Цяпер Казанская ікона Божай Маці знаходзіцца на шанаваным месцы ля алтара гродзенскага Пакроўскага сабора.

Нажаль, лёс большасці айчынных святынь аказаўся трагічным- яны загінулі ў віры рэвалюцыйным, аднак былі выпадкі, калі жыхарам заходніх регіёнаў Беларусі ўдалося вяруць з эвакуацыі званы сваіх храмаў.

Слухайце праграму “Святло душы” 14 лістапада ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 8.30 і 21. 30 на канале “Культура”.

У праграме прымаюць удзел Яўген Чыквін - да нядаўняга часу дэпутат польскага сейма, галоўны рэдактар часопіса беларусаў Беласточчыны “Агляд праваслаўны” і Дамінік Фіёнік - галоўны рэдактар краязнаўча-культурнага выдання “Бельскі гасцінец”./ sobor.by/ Фото istorya.ru
(просмотров 4390)





Новости разделов:

СМИ о Церкви

2 ДЕКАБРЯ 2025 (Вторн
О жизни общины монастыря Марии Магдалины в Иерусалиме рассказывает в программе "Свет души" монахиня Магдалина (Проферансова)
26 НОЯБРЯ 2025 (Сред
Героем программы "Свет души" стала монахиня Магдалина (Проферансова)
20 НОЯБРЯ 2025 (Четв
Православному вещанию на Белорусском радио 30 лет
28 ОКТЯБРЯ 2025 (Вторн
Суметь сказать о духовном так, чтобы что-то запало в душу: беседа с автором православных программ Белорусского радио Людмилой Митакович
22 ОКТЯБРЯ 2025 (Среда
В программе «Свет души» прозвучит продолжение рассказа о храме Марии Египетской в Вилейке
7 ОКТЯБРЯ 2025 (Вторн
Слушаете программу «Свет души» о храме преподобной Марии Египетской, которому исполнилось 160 лет
28 АВГУСТА 2025 (Четве
Успение Пресвятой Богородицы – во всех храмах Беларуси проходят торжественные литургии. Отрывок программы Новости "24 часа" на СТВ
9 АВГУСТА 2025 (Суббо
Программа "Свет души" расскажет о святынях Ильянской земли: храмах в Вязыни и Латыголе
1 АВГУСТА 2025 (Пятни
Гісторыя і сенняшні дзень Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця
30 ИЮЛЯ 2025 (Ср
О храме в честь пророка Илии в агрогородке Илья расскажет программа "Свет души"
24 ИЮНЯ 2025 (Вт
Протодиакон Георгий Коляда: сорок лет служения Богу и людям. Слушайте программу "Свет души"
11 ИЮНЯ 2025 (Ср
На Первом национальном канале Белорусского радио продолжается цикл программ «Монастырь у церкви Спаса»

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2025.