на галоўную старонку падзела

ру | en | de

  набажэнскі раздзел / гісторыя прыходу

СВЯТЫ АПОСТАЛ АНДРЭЙ ПЕРШАЗВАНЫ Ў МІНСКУ (2003 год)

З 7 чэрвеня да паўдня 9-га ў Мінскай царкве святой Еўфрасінні Полацкай знаходзілася адна з галоўных святыняў Праваслаўя - стапа апостала Андрэя Першазванага. Ад першай і па апошнюю хвіліну знаходжання святых мошчаў у храме тысячы чалавек стаялі ў вельмі доўгай чарзе.

Андрэй Першазваны - адзін з 12 апосталаў Іісуса, стаў першым вучнем Хрыста, адсюль і традыцыйнае найменне Першазваны. Ён займаў асаблівае месца ў абшчыне апосталаў, пры цудадзейнам насычэнні пяці тысяч чалавек менавіта ён паведаміў Іісусу пра тое, што яны маюць пяць хлябоў і дзве рыбіны. Пасля Укрыжавання Хрыста здзесніў чатыры падарожжы, наведаў розныя землі, прынамсі, пабываў на Русі. Прапаведваў хрысціянства ў Прычарнамор'і, прайшоў шляхам з вараг у грэкі, не абмінуў і тэрыторыю сучаснай Беларусі, быў у гарадах, якія размяшчаюцца па цячэнню Дняпра. У Патрах пад час зняволення
ён быў укрыжаваны на крыжы асаблівай формы. Смерць апостала прынята датаваць праўленнем імператара Нерона. Пры Імператары Пятры Першым, які лічыў Андрэя Першазванага сваім заступнікам, імя Хрысціцеля зямлі Рускай атрымаў галоўны ордэн Расійскай Імперыі - ордэн Андрэя Першазванага, а выява Андрэеўскага крыжа з'явілася на сцягах Расійскага флота. У час будаўніцтва Сант-Пецярбурга Пётр Першы змясціў часцінку мошчаў апостала ў падмурак Петрапаўлаўскага сабора. Нятленныя мошчы апостала заўжды захоўваюцца на Святой гары Афон у рускім манастыры Святога Панцеляімана.

Уявіце сабе чаргу з некалькіх тысяч чалавек, у якой ніхто не піхаецца, не сварыцца, не спрабуе абысці іншых. Чаргу, дзе старых, інвалідаў, жанчын з дзецьмі прапускаюць прайсці наперад. Я прыстройваюся ў хвост, і за мною адраз уж становяцца некалькі дзесяткаў чалавек. На гадзінніку - 20.00. Вакол шмат міліцыі, ветлівай, як ніколі. Канешне, ёй таксама ніколі не прыходзілася мець справаў з такім дысцыплінаваным натоўпам. Шмат моладзі, дзецяў і падлеткаў.
Вопытныя бабулькі, нібы яны палову жыцця правяліў чэргах, прыкідаюць, колькі нам яшчэ засталося стаяць і прыходзяць да высновы, што не менш, як чатыры гадзіны.
Людзі бавяць час за чытаннем газетаў ды размовамі па сотавым тэлефоне. Дзяўчына, што стаіць ля мяне, уткнулася ў кнігу. Чытаю назву главы: "Ці мае жанчына душу?".
Над недабудаваным саборам, што месціцца каля Свята-Еўфрасіньеўскай царквы, замёр з задранай буслінай дзюбай будаўнічы кран. Час ад часу да чаргі падыходзяць жанчыны, якія збіраюць грошы на працяг будаўніцтва сабора. "Спаси вас Господи, кто сколько может", - гавораць яны. Спачатку яго узвядзеннне фінансавала фірма "Пушэ". Потым не стала фірмы і работы замарудзіліся. Мошчы Андрэя Першазванага накіравалі менавіта ў гэтую царкву, бо мелі надзею сабраць грошы на далейшую будоўлю. Каля царквы на выпадак чаго дзяжурыць машына "Хуткай дапамогі". Жабракі суправаджаюць чаргу, як рыбы-прыліпалы вялікі карабель. Стары з жудасна пакалечанай артрытам рукой просіць міласціну. У сябе за спіной чую размову. Дзяўчына, якая стамілася разбірацца, аці ёсць у яе душа, размаўляе са сваёй суседкай: "Мая знаёмая - пападдзя. Калі ў мінулым годзе ў Мінск прывезлі міратачывыя!?іконы і сабралася гэтаксама шмат людзей, ён мог падвесці яе да іх па-за чаргой. Аднак не зрабіў гэтага. Сказаў, што гэта стане ейным паломніцтвам.".
Заходзіць сонца, робіцца халаднавата. Мужчына гадоў трыццаці аддае свой піджак незнаёмай жанчыне ў гадах. Людзі дзеляцца бутэрбродамі, прапануюць адзін аднаму ваду ў пласцікавых стаканчыках, усміхаюцца, угаворваюць прайсці наперад жанчыну з малым дзіцём. Божа, і гэта ж мы! Усё тыя ж панурыя, злосныя, замотаныя, на гэтыя некалькі гадзін мы быццам сталі іншымі людзьмі. І гэта - самы вялікі цуд, які зрабіў у Мінску Апостал Андрэй.
Чарга рухаецца рыўкамі - спачатку застывае на месцы, потым нечакана рухаецца наперад. Перада мной стаіць пара. Праз паўтары гадзіны муж нешта шэпча на вуха жонцы, вінавата ўсміхаецца і хутка пакідае сваё месца. Жанчына застаецца стаяць. Вось і паспрабуй разабрацца: у каго яна - душа...
Вакол натоўпу няма ні смецця, ні парожніх бутэлек, ні недакуркаў. Няма і тых, хто паліць.
Час ідзе, блізка поўнач. Рэдкія ўдары колакала цяжкімі кроплямі падаюць на галовы людзей. У цемры мяккім светам гараць вокны храма. Вакол нас - цемра. Святло - там. Ногі ад нерухомага стаяння здранцвелі і нясцерпна баляць. Што прымушае людзей ісці сюды, напрацягу гадзін стаяць у амаль нерухомай чарзе? Вера і любоў - вось два апошнія цуды, якія пакінуў нам наш прагматычны час. Дзесяткам тысяч людзей гэтымі днямі дапамога і абарона чалавека, які памёр дваццаць стагоддзяў таму, падаюцца больш рэальнымі і надзейнымі, як падтрымка тых, хто блізка. Уратуй нас, Божа! Больш няма каму. Жанчыны пачалі хвалявацца, што іх не пусцяць храм без хусткі. Аднак аказалася, што хустку можна ўзяць у самым храме: павязаў на ўваходзе - аддаў, калі выходзіш. Перад уваходам на Тэрыторыю царквы абкружыў шчыльны кардон міліцыі.
- Ці даўно стаіце? - спагадліва пытаецца маёр.
- Чатыры гадзіны, - адказваем мы.
- Ат, гэта яшчэ нічога, - паблажліва гаворыць ён.- Вось у Санкт-Пецярбурзе людзі па восем гадзін стаялі. І ўвогулле, трэба радавацца, - прапаведваў вучоны міліцыянер сваёй выпадковай пастве, - чым даўжэй вы тут прастаіцё, тым лепей для вас.
Сівенькія бабулькі ўдзячна заківалі галовамі. Вопытныя жанчыны памыліліся. Наша паломніцтва доўжылася не чатыры, а пяць гадзін. У храме гарэла неяркае святло, насупраць алтара, на узвышэнні стаяла зробленая са срэбра стапа, унутры якой змяшчаецца часцінка мошчаў. Хутка праходзім, лёгка дакранаемся да яе. Увесь шлях заняў не больш за паўтары хвіліны. Калі а першай гадзіне я выйшла з царквы, чарга была яшчэ больш доўгаю, чым тады, калі, я ў яе станавілася. Міліцыянер у мегафон папярэджваў людзей, што транспарт гэтай ноччу будзе хадзіць у звычайным рэжыме. Людзі працягвалі стаяць.

Вераніка ЧЭРКАСАВА.


распячатка

RATING ALL.BY Православное христианство