| | 22 ИЮЛЯ 2015 (Среда) 14:15:06 Мінскае брацтва ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска прыняло ўдзел у моладзевым слёце на "Лініі Сталіна", што ў гэтыя выходныя прайшоў пад Менскам.
На электрычцы братчыкі даехалі да Заслаўя (па дарозе рэпетыруя свой нумар), дзе каля Спаса-Прэабражэнскага сабора далучыліся да астатніх удзельнкаў слёта. Хрэсным ходам усе разам пайшлі на "Лінію Сталіна" – ваенны гісторыка-культурны комплекс пад адкрытым небам.
- Варта адзначыць, што дарога (каля 10 км) пад палючым сонцам з харугвамі ў руках была складанай, але цяжкасці не прыпынілі вернікаў, не спакусілі іх вярнуцца назад – усе дайшлі да месца, - рады кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч. – Пад час хрэснага хода мясцовыя жыхары выходзілі нам насустрач, хрысціліся і віталі.
Па яго назіранням, у хрэсным ходзе прынялі ўдзел каля 200 чалавек з усёй Беларусі, а ў самім слёце – і таго больш. На "Лініі Сталіна" кожнае брацтва падрыхтавала творчыя выступленні для гледачоў. Героі гэтай навіны прадставілі песню “Песняроў” - “Маладосць мая”. Выканалі яе братчыкі ў складзе баяніста, 2 гітар і 2 спевакоў – сляпых дзяўчынкі і хлопчыка, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці брацтва.
- Спеў наш сустрэлі выдатна, – узгадвае Павел, - падзяка ўдзячным слухачам, якія спявалі разам з намі нават вечарам ля кастра і прасілі паўтарыць выступ зноў і зноў.
На тэрыторыі комплекса братчыкі размясцілі стэнд з дзейнасцю брацтва Уладзіміра Хіраска. Моладзь гуляла, знаёмілася, цікавілася жыццём адзін аднаго. Удзельнікі фэсту адзначаюць выдатны ўзровень яго арганізацыі пад кіраўніцтвам айца Максіма Логвінава: “кармілі нас так смачна, нібы перад праверкай”, жартуюць яны. Увечары пачалася начная Літургія, пасля чаго – бясконцыя спевы пад гітару і баян, шашлыкі і гутаркі да світання.
З убачанага на сцэне братчыкам запомніўся выступ мінскага клуба ў гонар св. Даўмонта Пскоўскага і выступ дзяцей з Данецка, якія выканалі песню пра вайну.
У нядзелю пасля смачнага сняданка моладзь чакаў канцэрт беларускай эстрады і экскурсія па Лініі Сталіна, “якую мы самі сабе правялі”, распавядаюць братчыкі.
- Уразіла якасць і колькасць тэхнікі, кожны экспанат. Нам выдалася палазіць па танках і самалётах, - дзеліцца Павел. - Фэсты ў такіх месцах неабходна праводзіць, бо яны не толькі яднаюць, але і не даюць забыцца на падзеі 70-гадовай даўніны. Прыемна, што ўдзельнікамі нашага праваслаўнага слёта сталі і звычайныя людзі, што проста прыехалі ў музей.
Дарэчы, у нядзелю ўладыка Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніамін разам з дырэктарам комплекса асвяціў крыж, купал і звон капліцы, што будуецца на “Лініі Сталіна”. Таксама разам з удзельнікамі слёта яны памаліліся за воінаў, паўшых у годы Вялікай вайны.
/ sobor.by/
(просмотров 3412) |