Айцец Сергій Гардун: я быў на самай першай службе мітрапаліта Філарэта ў Мінску
20 МАРТА 2020 (Пятница) 13:55:51 21 сакавіка мітрапаліту Філарэту, ганароваму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, спаўняецца 85 гадоў. Асоба ўладыкі Філарэта, Героя Беларусі, мае вялікае значэнне адразу для некалькіх пакаленняў праваслаўных. З яго імем звязана духоўнае адраджэнне краiны і прыход у Праваслаўе тысяч і тысяч вернікаў. Большасць з нас ведае ўладыку дзякуючы яго прамовам, пропаведзям, святочным службам і віншаванням па тэлебачанні. Яго вобраз і словы натхняюць… Але заўсёды цікава даведацца, які вядомы чалавек пры непасрэдных зносінах. Клірык Свята-Духава кафедральнага сабора айцец Сергій Гардун, першы прарэктар Інстутута тэалогіі БДУ, ведае ўладыку з першага дня яго служэння ў Беларусі. У яго жыцці мітрапаліт Філарэт адыграў вельмі значную ролю: дапамог здзейсніць прызначэнне, якое было наканавана яшчэ ў дзяцінстве. Як гэта адбылося і чаму будучыня святара была пад пагрозай, чытайце ў нашым інтэрўю.— Айцец Сергій, ці памятаеце Вы Вашу першую сустрэчу с мітрапалітам Філарэтам? — Мне пашчасціла: я быў на самай першай службе мітрапаліта Філарэта ў Мінску восенню 1978 года. І, дарэчы, быў я на апошняй службе мітрапаліта Антонія Мельнікава, калі ён развітвася і ехаў на Ленінград. І вось у мяне ўзнікаюць параўнанні. Мітрапаліт Антоній, калі прыязджаў, заўсёды ўваходзіў у сабор са службовага ўваходу, аблачаўся ў алтары і роўна ў 10.00 было “Благаславенна царства”. А мітрапаліт Філарэт уваходзіў праз цэнтральныя дзверы, урачыста, з посахам, энергічна. У самой яго паходцы адчуваліся бадзёрасць і сіла. А тады гэта было вельмі важна, таму што ў школе казалі, што рэлігія адмірае, што ў царкве засталіся адныя старыя ды слабыя. І тут прыязджае мітрапаліт – малады, смуглявы, з чорнай барадой, энергічны. Гэта ўражвала. Уражваў таксама яго цудоўны голас, выразнае служэнне... Вось такая была для мяне першая сустрэча. Тады ж па тэлевізары не паказвалі мітрапалітаў, нават фотаздымак немагчыма было сустрэць. А ў храме можна. Так у 1978 годдзе я пабачыў яго першую службу… У 2008 годдзе мы ўрачыста святкавалі 30-годдзе служэння мітрапаліта Філарэта ў Беларусі. Былі ўрачыстыя мерапрыемствы, пра гэта шмат гаварылася. І вось неяк падчас абеда ў манашаскім корпусе ў Жыровічах (з намі быў яшчэ нехта з адміністрацыі семінарыі) зайшла размова пра 30-годдзе служэння. І я кажу: — Уладыка, я быў на Вашай першай службе ў саборы. Магу Вам нешта сказаць аб сваіх уражаннях. А ён мяне пытае: — А хочаш, я табе скажу, дзе ты стаяў? — Як?.. — Ты стаяў каля другой калоны справа… Вось гэта мяне сапраўды ўразіла. Ён быў вельмі ўважлівы, умеў назіраць. Зразумела, што моладзі ў той час у храме было нямнога. Але вось так запомніць і праз 30 гадоў сказаць… У 1978 годдзе я вучыўся на 3-м курсе Інстытута замежных моў. Быў у мяне рэжым 3 службы на тыдзень. Аднойчы, калі я быў ужо на 5-м курсе інстытута, мітрапаліт памазаў мяне і кажа (так неспяшаючыся, памазуе): “Я тебя приглашаю сегодня на чай”... Вось так. Я ж не ведаў, што адказаць. Па-першае, я не ведаў, дзе мітрапаліт п’е чай — ні тут жа, у храме. Куды ісці?.. Я разгубіўся. Адзінае, што я зрабіў, — не пайшоў пасля службы з храма, застаўся, бо не ведаў, куды ісці. І тут падышоў да мяне іпадыякан Сяргей Трафімаў, які па ўказанні мітрапаліта спецыяльна застаўся. І мы з ім паехалі гарадскімі аўтобусамі туды, дзе жыў мітрапаліт — у яго рэзідэнцыю на вуліцы Чарвякова. Мітрапаліт паехаў раней, на машыне. Мы павячэралі, папілі чаю. Ён спытаўся, дзе я вучуся, і якія ў мяне планы. Гэта была сур’ёзная размова. Канешне, з мітрапалітам Філарэтам размаўляць заўжды было лёгка, ён мог і пажартаваць. Але ён проста так, я думаю, не арганізоўваў бы гэтую сустрэчу. Ён, па праўдзе кажучы, шукаў моладзь у той час, калі нават архіерэі баяліся даваць рэкамендацыі на паступленне ў семінарыю, калі іх прасілі. А мітрапаліт сам шукаў. Я не ведаю, ці падышоў бы я да яго калі і як падышоў бы, акрамя таго, каб крыж пацалаваць ці Святое Прычасце прыняць. Хутчэй не падышоў бы, у мяне не такi характар… Размова была такая: хто ты такі, чым займаешся, і якія ў цябе планы. Я, відаць, сказаў мітрапаліту тое, што ён хацеў пачуць, а менавіта, што яшчэ ў 8-м класе вырашыў, што пайду вучыцца ў семінарыю. Але дзяржаўная сістэма не дазволіла мне гэта зрабіць, гэта быў савецкі час. Таму я пакуль што пайшоў вучыцца ў іншае месца. Ён мяне спытаў, што ў мяне за перспектывы. Я адказаў, што мяне запрашаюць у Медыцынскі універсітэт выкладаць лацінскую мову і ў БДУ — таксама лацінскую мову, але я не хачу. — Чаму? Хай бы шоў… — Уладыка, я баюся, што мне настолькі спадабаецца працаваць у БДУ альбо ў медыцынскім, што мне не хопіць сілы волі кінуць, і я буду ўсё жыццё насіць грэх, што было ў мяне Божае прызванне на служэнне, а я не здолеў. Мяне будзе гэта мучыць, трывожыць. Ну, як гэта, вясковы хлопец — і выкладчык універсітэта… Не змагу кінуць. Я, уладыка, лепш паеду ў вёску. Я ведаю, што ў вёсцы дзеці не вельмі хочуць вучыць англійскую мову — навошта яна, — і таму мне лягчэй будзе кінуць. І мітрапаліт згадзіўся са мной. Я так і зрабіў, але мне і ў вёсцы падабалася працаваць у школе, выкладаць англійскую мову. Ведаеце, дзесьці ў 5-6 класе, пакуль я не вырашыў яшчэ паступаць у семінарыю, я хацеў быць настаўнікам... Мне вельмі падабалася, але тут, праўда, лягчэй было кінуць. У той час была такая сітуацыя. Звяртаешся да прыхадскога свяшчэнніка (я жыў у сваёй роднай вёсцы, у сваім сяле, у Брэсцкая вобласці, і ездзіў за 12 км выкладаць у школу). Свяшчэннік мяне ведаў і ведаў, што я хадзіў на ўсе службы, нават працуючы ў школе настаўнікам. Але калі я прашоў да яго за напраўленнем у семінарыю, ён кажа: — Не дам рэкамендацыі. — А чаму? — Таму што, калі дам, то тут больш служыць не буду. Улады мяне адсюль прагоняць. А я хачу тут служыць, мне гэты прыход падабаецца, дзеці ў мяне. Я не хачу адсюль пераязджаць… Я ў гэты прыход хадзіў, тут маліўся, тут спавядаўся, прычашчаўся. Да каго ж яшчэ я мог звярнуцца?.. Я паехаў да мітрапаліта і роўна гэта яму расказаў. І ён кажа: “Я яго разумею, сітуацыя такая. Ну, што мы зробім? Я табе дам рэкамендацыю”. І я паступаў у семінарыю па асабістай рэкамендацыі мітрапаліта Філарэта, за што яму , канешне, вельмі ўдзячны. І я скажу, што многія з майго пакалення і старэйшыя за мяне могуць расказаць нешта падобнае. Гэтыя сустрэчы з мітрапалітам Філарэтам адбываліся так, што пра іх не ведалі дзяржаўныя органы і структуры, і мітрапаліт ішоў на гэта. Тады адбылася такая размова: — Рэкамендацыю я табе даю. Што там яшчэ трэба? Медыцынская даведка, аўтабіяграфія, астатняе ўсё ёсць? — Я яму расказаў, што ёсць, чаго няма, якія цяжкасці. — Ну, добра, — ён кажа, — збярэш дакументы, і што будзеш з імі рабіць? — Ну, — кажу, — як што? Збяру ў канверт і пашлю па адрасе. — Ні ў якім разе, — кажа. — нічога не дойдзе. На поезд сядай і асабіста гэтыя дакументы аддай. — Уладыка, — кажу, — я ж ніколі не быў у Маскве, а яшчэ з Масквы трэба ехаць у Загорск ... — Нічога, — кажа, — нармальна, — і даў мне ў суправаджэнне іпадыякана, з якім мы разам паехалі везці дакументы. Мітрапаліт папярэдзіў: — Як падасі дакументы, не вяртайся дадому. Там органы кантралююць, хто падаў дакументы. Там указаны адрас, таму адтуль будзе распараджэнне сюды: “Затрымаць”. Таму ты не трапіш на ўступныя экзамены — затрымаюць на 15 сутак. — Што ж рабіць? — Дадому не вяртайся і не кажы бацькам, дзе ты будзеш. Таму што прыедуць да іх і будуць пытаць. І калі яны будуць ведаць, дзе ты будзеш, яны скажуць. Яны ўмеюць так пытаць, што твае бацькі скажуць. Гаварыць нельга і не “ў блізкіх сяброў”, і не “ў сваякоў”, бо гэта ўсё могуць праверыць. Трэба недзе быць месяц. У маёй аднакурсніцы Ларысы была маскоўская сяброўка, з якой мы пару разоў сустракаліся. Вось Ларыса і кажа: “Яна добрая, і ў іх прыватная хата, там месяц можна пажыць”. Так я і зрабіў. А тое, пра што казаў мітрапаліт, адбылося. Дадому, да маіх бацькоў, сапраўды прыязджала машына. Маці расказвала: “Трое чалавек выйшлі з машыны, ідуць дадому, пытаюць: — Дзе ваш сын? — Не ведаю, дзе. Недзе да сяброў паехаў. — А куды? — Не ведаю. Сказаў, што да сяброў, але не сказаў, куды. — А вы ведаеце, што ён падаў дакументы ў семінарыю? — Ведаю. — То вы ведаеце, што мы яго знойдзем і пасадзім у турму, таму што ён пайшоў супраць савецкай улады? — Як? Чаму? — А вы чулі, — зноў пытае гэты чалавек, — хто такі акадэмік Сахараў? — Ну, нешта па радыё чула, — кажа мама (а гэта быў той самы перыяд, калі яго звольнілі з Масквы і ў ссылку адправілі ў горад Горкі). — Дык ён акадэмік АН СССР, і мы яго адправілі ў Горкі. А ваш сын не акадэмік. Ён просты сельскі настаўнік. Мы яго ў турму пасадзім за тое, што ён ідзе супраць Савецкай улады". Ну, і, канешне, мама плакала, безумоўна, але яна не магла сказаць, дзе я знаходжуся, таму што не ведала. І гэта дзякуючы мітрапаліту Філарэту, бо інакш мяне сапраўды бы не пусцілі. Проста фізічна б не пусцілі і ўсё… — Айцец Сергій, Вы чалавек, які ведае мітрапаліта Філарэта з першага дня яго служэння ў Беларусі. Якімі б словамі Вы б ахарактыразавалі яго асобу? — Безумоўна, калі гаварыць такой мовай, каб усім было зразумела, гэта духоўны лідар Беларусі. Калі гаварыць, хто за ўсю гісторыю Беларусі быў найбольш яскравым яе духоўным лідарам, то гэта, безумоўна, мітрапаліт Філарэт. І з гэтым, я думаю, згодны ўсе: і праваслаўныя веруючыя, і няверуючыя — свецкая інтэлігенцыя — з гэтым згодна. З гэтым згодны і католікі, безумоўна. З гэтым згодны і прадстаўнікі самых розных канфесій: ён лідар. І гэта не таму, што праваслаўных у Беларусі больш за іншых. Я думаю, калі б у нас была статыстыка наадварот, і праваслаўныя былі б у меншасці, але калі б такі чалавек узначальваў бы Праваслаўную Царкву, ён быў бы духоўным лідарам для ўсёй Беларусі. Гэта безумоўна. Гэта не проста асоба. — У гэту суботу ўладыка Філарэт прымае віншаванні з нагоды свайго 85-годдзя. Што Вы яму пажадаеце? — Вы ведаеце, нават цяжка што-небудзь пажадаць, а чаму? Мне здаецца, што мітрапаліт Філарэт самадастатковы. Гэта значыць, што ўсё, што ён мог зрабіць для Царквы, для Беларусі, ён зрабіў. А зараз, калі ў чалавека няма сіл ні на што, акрамя як толькі на малітву (і ён моліцца, безумоўна), то, канешне, хочацца пажадаць вось гэтай ціхай, духоўнай радасці, якая прыходзіць ад малітвы, якую дае малітва. І я ўпэўнены, што гэта ціхая духоўная радасць у яго ёсць. Сіл няма, а духоўная радасць ёсць. Гутарыў іерэй Аляксандр КУХТА. Друкаваную версію размовы Вы можаце знайсці ў спецыяльным выпуску журнала “Ведомости Минской митрополии” (№3 (169) 2020), у які ўвайшлі біяграфічныя звесткі, успаміны і рэдкія фотаздымкі значных падзей, з якімі непасрэдна звязана імя мітрапаліта Філарэта. Па пытанных набыцця юбилейнага нумара звяртайцеся ў царкоўную лаўку Петра-Паўлаўскага сабора, а таксама ў рэдакцыю газеты "Царкоўнае слова" (г. Мінск, вул. Ракаўская, 4, Петра-Паўлаўскі сабор). / sobor.by/ Фота з сайта Інстытута тэалогіі БДУ. (просмотров 2660) |
Новости разделов: