Манах Іаан (паэт Зніч): “Трэба ісці ў паганскі свет, несці сваю місію, але чужую кроў не праліваць”

  У дні семінара “Місія і міласэрнасць” у Жыровічах карэспандэнту Sobor.by пашчасціла пагутарыць з манахам Іаанам (Алегам Бембелем), насельнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, вядомага таксама як паэт Зніч. Лексіка суразмоўцы захованая.

Айцец Іаан, як думаеце, ці кожнаму праваслаўнаму трэба займацца місіянерствам?

- Кожны хрысціянін павінен быць місіянерам, так задумаў Богачалавек Іісус Хрыстос, Якi задаў нам камертон, як трэба дзейнічаць у гэтым свеце. Трэба ісці ў паганскі свет, несці сваю місію, але чужую кроў не праліваць: барані Божа, гукаць на рэвалюцыю! Кроў праліваецца толькі свая. Гасподзь праліў Сваю кроў і паказаў, што тыя, хто ідзе за Ім, павінны, калі ўжо праліваць кроў, то толькі сваю. Ніякіх дэманкратычных рэвалюцый, барані Божа, гэта ўсё ад першага вечнага рэвалюцыянера, ворага Бога і рода чалавечага. Усе рэвалюцыі ідуць адтуль, якімі бы лозунгамі яны б не прыкрываліся – нацыянальнымі ці інтэрнацыянальнымі.

Ці шукае сучасная моладзь Бога?

- Канечне, шукае! І дзеліцца плёнам сваіх пошукаў з тымі, хто яшчэ не думае пра тое, што трэба шукаць.

Што параіце веруючым, каб яны не саромеліся, не баяліся прапаведаваць Хрыста?

- Трэба мець на ўвазе наступнае:

У Кіеве, Берліне і Маскве

Еўропа хрысціянская жыве,

Уваскрасае пакрысе,

А покуль у Менску хай жыве

Канстантынопаль!

Зразумелі? 1700 год споўнілася з таго часу, як раўнаапостальны Канстанцін Вялікі пачаў хрысціць Еўропу. За гэты час Еўропа, асабліва Заходняя, ужо забылася, што яна хрысціянская, ператварылася ў садома-гаморскую! Садома-гаморскія шлюбы ўжо сталі часткай маральнай юрыдычнай прасторы Заходняй, некалі хрысціянскай, Еўропы. Цяпер нам трэба памятаць, што Еўропа, перш за ўсё, хрысціянская і што духоўнае сэрца хрысціянскай Еўропы знаходзіцца ў Русі Белай. А духоўнае сэрца Русі Белай знаходзіцца на святой жыровіцкай зямельцы. І жыровіцкая ікона (Божай Маці – Р.) сімвалізуе менавіта адзінства хрысціянскай Еўропы.

Што для Вас беларуская мова?

- Мова - гэта найвышэйшы Божы дар кожнаму племені. І кожнае племя павінна яго берагчы. А мы ўтрая багацейшыя за многія іншыя плямёны – у нас ажно трохгалосная моўная паліфонія! Царкоўнаславянская літургічная мова, вялікаруская, якой валодае ўвесь народ, праз якую найвялікшая ў свеце вялікаруская літаратура прама даходзіць да сэрца нашых людзей, і наша нацыянальная новабеларуская мова, на якой створаны вялікія высакадухоўныя скарбы таксама, гэта неад’емны складнік нашага моўнага багацця. Вось такая ў нас моўная паліфонія.

Як гэта суаднесці з тым, што розныя мовы чалавецтва атрымала ў выніку дрэнных паводзін, калі людзі пачалі будаваць Вавілонскую вежу?

- На агульнай ангельская мове мы будзем размаўляць адно з адным, калі апынімся праваруч ад Богачалавека Хрыста, а пакуль Гасподзь можа і ўразуміў у часы Вавілонскай вежы плямёны, што з паліфоніяй трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. А цяпер, ужо прайшоўшы ўвесь гістарычны шлях, мы разумеем, што такое моўная паліфонія – гэта сумоўе ўciх моў, якія існуюць на духоўным рэаліі чалавецтва. І вось зямлякам зямлянам адрэсаваны такія радкі:

Са слыхам сэрца наша панства не дружа шмат вякоў, на жаль,

І не гучыць без дысанансаў нацыянальных моў раяль.

Дай, Божа, тым, хто мовы чуе і гармонію шануе,

у паліфоніі плямён не парушаць красы закон.

Боганатхнённая ідэя,

прайшоўшы ўвесь танальны круг і спакушэнне завірух жывой гісторыі,

засее прагалы душ,

і расцвіце хаўрус плямёнаў у Хрысце.

Когда народы, раз припозабыв, в единую семью соединяться.

Вось Гасподзь хоча, каб мы ўсе былі адно пры адным пастыры, каб на зямлі было сумоўе “всяк сущих в ней языков”. Мы павінны ісці шляхам сумоўя. Амінь.

Ці ёсць небяспека, што любоў да роднай мовы можа прывесці да нацыяналізму?

- Дык вось, праз Русь Кіеўскую Гасподзь нас уразумляе, як не трэба абыходзіцца з моўнай паліфоніяй. А Беларусь дае цудоўны прыклад і Русі Кіеўскай, і ўсім іншым плямёнам , як трэба абыходзіцца з паліфоніяй моўнага багацця.

Жыве праваслаўная Беларусь!

Жыве!

- Трэба казаць: “са Хрыстом – жыве!”.

/ sobor.by/

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2026.