Памяць святога Афанасія, ігумена Брэсцкага адзначае сёння Царква
2 АВГУСТА 2017 (Среда) 15:44:10 Святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі нарадзіўся каля 1597 года ў набожнай сям’і брэсцкіх гараджан Філіповічаў. У маладыя гады ён служыў хатнім настаўнікам у дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.Разгульнае жыццё пры дварах магнатаў толькі мацавала ў прападобным Афанасіі намер пазбавіцца жыццёвай мітусні і прысвяціць сябе Богу. Гады служэння прападобнамучаніка Афанасія прыпалі на час усталявання на праваслаўных землях Вялікага княства Літоўскага царкоўнай уніі з Рымам. Але ён свядома выбраў шлях праваслаўнага манашаскага падзвіжніцтва, каб усімі магчымымі сродкамі адстойваць права на вызнанне сваёй бацькоўскай веры. У 1627 годзе Афанасій накіраваўся ў Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе прыняў манашаскі пострыг ад ігумена Іосіфа Бабрыковіча. Адсюль прападобны Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр пад Оршай, а затым — у Міжгорскі каля Кіева. З Міжгор’я Афанасій зноў выехаў у Вільню, дзе праз некаторы час быў узведзены ў сан іераманаха і неўзабаве прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад Пінскам. У 1636 годзе абіцель была адабрана ў праваслаўных і перададзена пінскім езуітам, што выклікала вялікае абурэнне і пратэсты насельнікаў. Прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў суседні Купяціцкі манастыр, які славіўся сваёй цудадзейнай іконай Божае Маці. У 1638 годзе ён здзейсніў падарожжа ў Маскву, каб сабраць міласціну на манастыр і паведаць маскоўскаму цару Міхаілу пра крыўды праваслаўным у Рэчы Паспалітай. У 1640 годзе святы Афанасій выбраны ігуменам Свята-Сімяонава манастыра ў Брэсце. Прыбыўшы ў Брэст, прападобны Афанасій перш за ўсё адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся манастырскія правы і прывілеі. Знайшоўшы ў граматах, што "унія з старым Рымам, прынятая насуперак законам Усходняй Царквы, праклятая навекі", прападобны Афанасій пачаў даводзіць гэта адкрыта ў храме і іншых месцах. Ва ўсім ваяводстве уніяты захваляваліся, адчуваючы вялікую трывогу. Святы Афанасій неаднаразова ездзіў у Варшаву, звяртаўся да польскага караля і сейма, пераконваючы і патрабуючы абараніць правы праваслаўных, апавядаючы пра крыўды і ўціск з боку езуітаў і уніятаў. Да смелых выкрыванняў падзвіжніка ў Варшаве паставіліся з вялікім незадавальненнем і адправілі яго на суд да Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. У Кіеве Афанасія апраўдалі і па просьбе браціі Брэсцкага манастыра ўзнавілі ў ігуменстве. Па вяртанні ў Брэст прападобны Афанасій цалкам аддаўся манашаскім подзвігам. Адасобленае жыццё інакаў, аднак, раз за разам парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, кпінамі і рознымі выпрабаваннямі. У 1644 годзе Афанасія як парушальніка спакою арыштавалі, адвезлі ў Варшаву, закавалі ў кайданы. У такіх умовах ён заставаўся больш за год. У зняволенні святы Афанасій склаў малітваслоўе, якое спяваў, каб зменшыць душэўны боль. Каралю Уладзіславу IV ён напісаў тры пасланні з просьбай абараніць Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім. Выконваючы волю караля, мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій напісаў адзін з найлепшых сваіх твораў — "Дыярыуш" ("Дзённік"), у якім выкрыў здрадніцкую сутнасць уніі, вобразна паказаў адну з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць рыма-каталіцкай агрэсіі. У 1648 годзе святога Афанасія зноў арыштавалі паводле ілжывага абвінавачання ў дапамозе паўстаўшым казакам. У ноч на 5 верасня 1648 года гайдукі прывялі яго ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там прымусілі выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму. Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам: "Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю". Пасля гэтых слоў аднаму з гайдукоў загадалі страляць у святога Афанасія. Уражаны мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад выкананнем загаду прасіў у святога прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога прападобнамучаніка скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду. Восем месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў маі 1649 года інакі знайшлі нятленнае цела ігумена, перанеслі ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага манастыра ў гонар святога Сімяона Стоўпніка. Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай смерці. У 1666 годзе ў Брэсце было складзена Жыціе на польскай мове, у якім ігумен Афанасій называецца "святым і прападобнамучанікам". У 1815 годзе ў час пажару, які здарыўся ў Брэсцкім Сімяонавым манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца з мошчамі святога расплавілася. Абгарэлыя мошчы, якія ацалелі ў пажары, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення ў Благавешчанскай манастырскай царкве. У 1833 годзе манастырскія пабудовы знесены ў сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, а мошчы перанесены ў Свята-Мікалаеўскі сабор. Штогод, у дзень памяці, іх урачыстым хрэсным ходам абносілі вакол сабора. Пасля ўзвядзення ў Брэсце новага мураванага Сімяонаўскага сабора святыя мошчы прападобнага перанесены ў гэты храм. У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю. Толькі ў 1995 годзе часцінка мошчаў была вернута ў Брэст і цяпер знаходзіцца ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы. У Віцебску, Мінску і Слоніме пабудаваны храмы, асвечаныя ў гонар святога Афанасія. З 1996 года ў Брэсце (раней вёска Аркадзія), на месцы гібелі свяшчэннамучаніка, дзейнічае Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр. Памяць святога прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага адзначаецца 2 жніўня (дзень здабыцця мошчаў) і 18 верасня (дзень смерці). Трапар прападобнамучаніку Афанасію Брэсцкаму, глас 2 Блаже́н еси́, о́тче наш Афана́сие,/ я́ко ве́рно пожи́л еси́, стоя́ бо́дренно за святу́ю Правосла́вную ве́ру,/ со умиле́нием при́сно поя́ неседа́льное Пречи́стей,/ запове́дуя никому́же наруша́ти Правосла́вныя ве́ры святы́я,/ пострада́в за свиде́тельство и́стины да́же до сме́рти./ Мы же, чту́ще святы́ню твою́, со дерзнове́нием взыва́ем ти:/ о́тче наш, преподобному́чениче Афана́сие, похвало́ и украше́ние на́ше. Блажэнны ты, ойча наш Афанасіе,/ бо верна жыў ты, стоячы пільна за святую праваслаўную веру,/ у замілаванні заўсёды спяваючы несядальнае Прачыстай,/ запаведуючы, каб ніхто не парушаў Праваслаўную веру святую,/ і пацярпеў ты за сведчанне ісціны нават да смерці./ І мы, ушаноўваючы святыню тваю, з адвагаю ўсклікаем да цябе:/ ойча наш, прападобнамучанік Афанасіе, пахвала і ўкраса наша. Кандак прападобнамучаніку Афанасію Брэсцкаму, глас 2 Яко по́стника благоче́стна и иску́сна,/ и страда́льца произволе́нием че́стна,/ и пусты́ни жи́теля сообразна,/ в песнех достойно хвалим Афанасия приснохва́льнаго,/ той бо змия попра́л есть. Як посніка благачэснага і дастойнага / і дабравольнага пакутніка пачэснага, / і на жыхара пустэльні падобнага / у песнях дастойна хвалім Афанасія заўжды ўсхваляемага,/ бо ён змея патаптаў. sppsobor.by / sobor.by/ (просмотров 1610) |
Новости разделов: