Пра жыццёвы шлях айца Пятра Латушкі пойдзе размова ў праграме “Святло душы”
27 МАРТА 2014 (Четверг) 17:08:10 Паступова адыходзіць у Вечнасць пакаленне святароў, што абралі шлях служэння Богу, Царкве і людзям у цяжкія часы, якія не абяцалі жыцця спакойнага і забяспечанага. Наадварот, гэты малы статак Божы быў выгнаны, нёс крыж пакутніцтва, але імі стваралася і жыла Царква, і так важна цяпер,у часы свабоднага спавядання веры, прыняць іх у свае настаўнікі і не забываць іх справы.“Калі б я па нейкай прычыне не змог быць святаром, я быў бы самым нясчасным чалавекам”,- казаў протаіерэй Пётр Латушка - будаўнік храмаў і заснавальнік дынастыі святароў. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе на Міншчыне. У вайну,калі адкрылі ў іх вёсцы храм, хлопчык стаў прыслужваць у алтары, але той ліпеньскі дзень, напярэдадні вызвалення Мінска, стаў зваротным у яго лесе. Тады была паранена яго сястра Аня, і ён назажды запомніў яе гарачую малітву перад смерцю. Адразу пасля вайны ў Вільню з Масквы вярнуліся мошчы трох віленскіх пакутнікаў-Антонія, Іаана і Яўстафія. Гістарычная духоўная падзея ўмацавала веру людзей, і канчаткова пераканала Пятра Латушку ў выбары святарскага шляху. Ён закончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю, і першым месцам яго служэння стаў Лоеў. Ішоў 1951 год, людзі ва ўсходняй Беларусі, дзе яшчэ да вайны закрываліся храмы, адвыклі ад Царквы, і айцец Пётр садзіўся на матацыкл, ехаў на гарадскія ўскраіны, у вёскі. Ён знаёміўся, гутарыў с народам, адпраўляў трэбы. I той яго спазнаў і палюбіў як “свайго бацюшку”. У гэтым асяродку гадаваліся і дзеці. На пачатку 60-х гадоў айца Пятра прызначылі на службу ў Рэчыцу. Красамоўнае ўяўленне пра святыні гэтага месца і духоўны лад жыцця дае апісанне перанясення мошчаў святой Еўфрасінні з Кіева ў Полацк на параходзе па Дняпры, якое адбылося ў 1910 годзе. Першы прыпынак на зямлі Беларусі быў у Рэчыцы. Захаваліся і фотаздымкі, на якіх магутны хрэсны ход з іконамі і харугвамі ідзе да галоўнай святыні Рэчыцы – Успенскага храма. Да прыезду сюды айца Пятра храм даўно быў закрыты. Вернікам далі маленькі кавалак зямлі на ўскраіне, і тыя перанеслі сюды з вёскі хатку, у якой калісьці была і школа, і капцільны цэх. Калі першы раз у Рэчыцу прыехаў уладыка Філарэт, айцу Пятру было сорамна , і ён вырашыў дзейнічаць. Па сутнасці, за тры дні ўзвёў новы Свята-Пакроўскі храм. Улады ужо не маглі яго знесці і прызнаць свой недагляд было няёмка, і святару прыйшлося ехаць у “ганаровую высылку” .... у Амерыку. Канешне, чалавеку, народжанаму ў Савецкім Саюзе, было і цікава і нязвыкла на чужыне. 5 гадоў ён праслужыў у праваслаўным храме гарадка Пайн-Буш у штаце Нью- Йёрк. Людзі яго палюбілі і ён іх. Айцец Пётр сумняваўся, ці зразумелая ім царкоўнаславянская мова, а яны радаваліся, што могуць маліцца як продкі, і марылі, каб хаця б жменьку роднай зямлі кінулі ў іх магілу. У 1987 годзе Пётр Латушка вярнуўся ў любімую Рэчыцу. Як благачынны, узвёў і адрамантаваў шмат храмаў у раёне, клапаціўся аб вяртанні рэчыцкага Свята-Успенскага сабора, а потым пра яго аднаўленне. Айцец Пётр мог проста і шчыра ставіцца да людзей. Даведаўшыся пра яго, тыя шукалі “старога бацюшку”, каб падзяліцца бедамі. Яшчэ адна рыса, уласцівая яму, - магчымасць бачыць Божы дар у чалавеку. У рэчыцкім Свята- Пакроўскім храме ёсць карціны мастака трагічнага лесу і незвычайнага таленту - Аляксандра Ісачова. Ён жыў у Рэчыцы і з бласлаўлення айца Пятра напісаў некалькі карцін для храма на евангельскія сюжэты. Цяпер многія прыязджаюць у Рэчыцу, каб іх пабачыць. Безумоўна, хрысціянская плынь творчасці Аляксандра Ісачова працягвалася не без прысутнасці побач айца Пятра. Тут, у Рэчыцы, ён блаславіў у святарскі шлях сваіх трох сыноў: Георгія Латушку, які стаў ля вытокаў адраджэння найстарэйшага храма Мінска - Свята- Петрапаўлаўскага сабора; сярэдні прыняў манаскі пострыг з імем Сергій і служыць пад Пецярбургам; малодшы Павел - настаяцель мінскага храма ў гонар іконы Божай Маці “Сысканне загінулых“, які завуць “чарнобыльскім”.У трэцім пакаленні святарскі род Латушак працягвае сын айца Георгія - Адрыян. Святары Павел і Адрыян Латушкі раскажуць пра жыцце і служэнне айца Пятра, прагучаць і яго ўспаміны ў праграме “Святло душы” 29 сакавіка ў 8.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 21.30 на канале “Культура”. / sobor.by/ (просмотров 6306) |
Новости разделов: