Пра заснаванне святарскага роду Латушак расказала праграма "Святло душы"

  Паступова адыходзіць у Вечнаcць пакаленне святароў, што абралі шлях служэння Богу, Царкве і людзям у самыя цяжкія часы, якія не абяцалі жыцця спакойнага і забяспечанага. Наадварот, гэты малы статак Божы быў выгнаны, нёс крыж пакутніцтва, але імі стваралася і жыла Царква, і так важна цяпер, у часы свабоднага спавядання веры, прыняць іх у свае настаўнікі і не забываць іх справы.

“Калі б я па нейкай прычыне не змог быць святаром, я быў бы самым няшчасным чалавекам”,- казаў протаіерэй Пётр Латушка - будаўнік храмаў і заснавальнік дынастыі святароў.

Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў сялянскай сям'і на Міншчыне. У вайну, калі адкрылі ў іх вёсцы храм, хлопчык стаў прыслужваць у алтары. Адразу пасля вайны ў Вільню з Масквы вярнуліся мошчы трох віленскіх пакутнікаў - Антонія, Іаана і Яўстафія. Гістарычная духоўная падзея ўмацавала веру людзей, і канчаткова пераканала Пятра Латушку ў выбары святарскага шляху.

Усе тры сыны айца Пятра нарадзіліся ў Лоеве, горадзе які стаў першым месцам яго служэння. Быў 1951 год, людзі ва ўсходняй Беларусі, дзе ў рэдкім месцы не закрываліся храмы, адвыклі ад Царквы, і айцец Пётр садзіўся на матацыкл, ехаў на гарадскія ўскраіны, у вёскі. Ён знаёміўся, гутарыў з народам, адпраўляў трэбы і той яго спазнаў і палюбіў як “свайго бацюшку”. У гэтым асяродку гадаваліся і дзеці.

На пачатку 60-х гадоў айца Пятра прызначылі на службу ў Рэчыцу. Красамоўнае ўяўленне пра яго святыні і духоўны лад жыцця дае апісанне перанясення мошчаў святой Еўфрасінні з Кіева ў Полацк на параходзе па Дняпры, якое адбылося ў 1910 годзе. Першы прыпынак на зямлі Беларусі быў у Рэчыцы. Захаваліся і фотаздымкі, на якіх магутны хрэсны ход з іконамі і харугвамі ідзе да галоўнай святыні горада Успенскага храма. Да прыезду сюды айца Пятра храм даўно быў закрыты. Вернікам далі маленькі кавалак зямлі на ўскраіне і тыя перанеслі сюды з вёскі хатку, у якой калісьці была і школа, і вяндлярны цэх. Калі першы раз у Рэчыцу прыехаў уладыка Філарэт, айцу Пятру было сорамна, і ён вырашыў дзейнічаць....

Па сутнасці, айцец Пётр за тры дні ўзвёў новы Свята-Пакроўскі храм. Улады не маглі яго знесці і прызнаць свой недагляд было няёмка, а Пятру Латушку прыйшлося ад'ехаць у “ганаровую высылку” .... у Амерыку.

Канешне, чалавеку, народжанаму ў Савецкім Саюзе было і цікава, і нязвыкла на чужыне. 5 гадоў ён праслужыў у праваслаўным храме гарадка Пайн-Буш у штаце Нью- Ёрк. Людзі яго палюбілі і ён іх. Айцец Пётр сумняваўся ці зразумелая ім царкоўнаславняская мова, а яны радаваліся, што могуць маліцца, як продкі, і марылі, каб хаця б жменьку роднай зямлі кінулі ў іх магілу.

У 1987 годзе Пётр Латушка вярнуўся ў стаўшую роднай Рэчыцу. Як благачынны, узвёў і адрамантаваў шмат храмаў у раёне, клапаціўся аб вяртанні рэчыцкага Свята-Успенскага сабора, потым пра яго аднаўленне. Тут ён блаславіў у святарскі шлях сваіх трох сыноў: Георгій Латушка стаў ля вытокаў адраджэння найстарэйшага храма Мінска Свята-Петрапаўлаўскага сабора, сярэдні прыняў манаскі пострыг з імем Сергій і служыць пад Пецярбургам, малодшы Павел - настаяцель мінскага храма ў гонар іконы Божай Маці “Спаталенне загінуўшых“, які завуць “чарнобыльскім”.

У трэцім пакаленні святарскі род Латушак працягвае сын айца Георгія - Адрыян. Можна спадзявацца, што і ў чацвёртым пакаленні святарскае дрэва Латушак дасць новыя парасткі.

Праграма “Святло душы” выйшла ў эфір  25 сакавіка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё (106.2 FM). Паўтор у той же дзень у 8.30 і 21.30 на канале “Культура” (102.9 FM).

На фота: айцец Пётр Латушка.

/ sobor.by/

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2026.