Праграма “Святло душы” пабывала на святкаванні 180-годдзя сноўскага храма ў гонар святых Касмы і Даміяна

  Праграма “Святло душы” запрашае ў Сноў на святкаванне 180-годдзя храма ў гонар святых Касмы і Даміяна.

Святыня мае даўнюю гісторыю, бо сам Сноў узгадваецца яшчэ ў 1478 годзе, як маёнтак у Новагрудскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. Доўгі час ён знаходзіўся ў валоданні Рдултоўскіх. Менавіта пры іх ў 1769 годзе была закладзена праваслаўная капліца ў імя апосталаў Пятра і Паўла, бо просты люд тут здаўна спавядаў праваслаў'е.

Рдултоўскія клапаціліся аб духоўнай асвеце і ўпрыгожваннях месца. Імі быў закладзены сноўскі касцёл і палац на беразе рачулкі Сноўкі, які стаў адметным гістарычным помнікам. Палац, у атачэнні старадаўняга парку, добра захаваўся, бо пэўны час ў ім знаходзіўся ваенны шпіталь. У свой час сноўскія ландшафты прывабілі музыкаў групы “Белы арол”, якія знялі тут кліп песні “Как хороши в России вечера”. Але ў нашых суседзяў сноўская зямля больш вядома сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй, якую вырабяюць яе працавітыя людзі.

Яшчэ ў 1951 годзе шэсць невялікіх гаспадарак аб'ядналіся ў калгас імя Калініна. У 80 - я гады яго ўзначаліў Міхаіл Карчміт. Пры ім перадавая гаспадарка была рэарганізавана ў агракамбінат “Сноў” - прадпрыемства з поўным цыклам - ад вырабу прадукцыі да яе перапрацоўкі і рэалізацыі праз сетку фірменнага гандлю. Агракамбінат “Сноў” стаў эталонам сельскагаспадарчай вытворчасці, а Міхаіл Карчміт адным з першых атрымаў званне “Героя Беларусі”.

Зараз гаспадарку ўзначальвае Мікалай Радаман, і яна працягвае несці ганаровае званне флагмана рэспублікі, а вёска Сноў набыла статус аграгарадка з усёй неабходнай сацыяльнай і культурнай інфраструктурай.

Агракамбінат “Сноў” шмат клапоціцца аб тутэйшай праваслаўнай святыні і дапамог падрыхтаваць храм да юбілею.

Каменная царква была збудавана ў 1836 годзе замест капліцы, якая згарэла, а ў 1896 годзе яе асвяцілі ў гонар святых Касмы і Даміяна. Упрыгожыў прастору храма чатырохярусны іканастас, зроблены ў 18 стагоддзі ў віленскім Свята - Духавым манастыры.

Царква ўзвышаецца на гары і здаўна вакол яе туляцца сноўскія могілкі. Колькі людзей, пахаваных тут, малілiся каля сваёй святыні... Можа іх малітвы яе захавалі і аднавілі тутэйшае духоўнае жыцце.

У дзень свята храм у гонар Касмы і Даміяна поўніўся людзьмі, што прыехалі з самых далёкіх вёсак. Пасля набажэнства ўсе слухалі правячага архіерэя - епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія.

Уладыка Антоній узнагародзіў настаяцеля айца Аляксандра Калесніка і прыхажанак, што служаць на карысць храму. Віншавальныя словы прамовіў старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Міхайлавіч Лазюк.

Свята працягвалася ў сноўскім Палацы культуры. На экране ажылі эпізоды гісторыі храма. Дзеці са сноўскай сярэдняй школы падрыхтавалі спектакль пра жыццё святых братоў Касмы і Даміяна, якія лічацца ахоўнікамі сям'і і дзетак, што пачынаюць свой шлях да ведаў. Прыемна было бачыць на сцэне самых маленькiх артыстаў - выхаванцаў сноўскага дзіцячага садка і нядзельнай школы.

На развітанне ўсіх удзельнікаў вечарыны і гасцей свята вітаў настаяцель сноўскай царквы ў імя святых Касмы і Даміяна айцец Аляксандр Калеснік.

Слухайце праграму “Святло душы” 10 снежня ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 8.30 і 21. 30 на канале “Культура”.

/ sobor.by/

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2026.