Радыёпраграма "Святло душы" расказала пра "песняра Вілейшчыны" Івана Лашутку

  Я позна ў жыццёвай мітусні

Спазнаў у мудрых кнігах Дабравесця,

Як годнасць чалавечую пранесці

Сярод спакусы, зайздрасці, хлусні.

Без гэтых кніг пражыць бы я не мог,

Бо сказана, што першым было слова

“Любоў”, з усіх высноў аснова.

І першай весцю было слова “Бог”.

У канцы жыцця Іван Іосіфавіч Лашутка стаў прыхаджанінам вілейскага храма праподобнай Марыі Егіпецкій. Але на працягу жыцця паэт і педагог нястомна сеяў у душах сваіх вучняў зярняткі дабра, саграваў святлом свайго Слова, і яны ўзняліся шчодрай нівай духоўнай годнасці і ўдзячнасці Настаўніку і старэйшаму сябру.

Іван Лашутка нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсачцы між светлых бароў, у якіх па восені палаюць верасы. Подых роднай вілейшчыны песціў любоў да роднага слова, да простага сялянскага ладу жыцця з яго чалавечай шчырасцю. Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, Іван Лашутка не застаўся ў сталіцы, а вярнуўся ў родныя мясціны, дзе расквітнеў яго педагагічны і паэтычны талент.

Данінай павагі і ўдзячнасці “пясняру Вілейшчыны” стала адкрыццё класа імя Івана Іосіфавіча Лашуткі ў трэцяй вілейскай школе, дзе апошнія гады жыцця ён працаваў .

У гэты дзень ўстанова выглядала асабліва ўрачыста і чакала колішніх вучняў, калег і родных Івана Іосіфавіча.

Свята ў трэцяй вілейскай школе пачалося з презентацыі класа імя Івана Лашуткі. На павялічаным ва ўсю сцяну фотаздымку ”песняр Вілейшчыны” паўстае сярод жытнёвай нівы. На стэндах – летапіс яго жыцця, фатаграфіі вучняў і яго вершы.

Я багатаму сам падам,

А ў беднага буду прасіць

Даць цярпення маім гадам,

Што яшчэ засталося пражыць.

На калені ўпаду перад тым,

Хто, абдзелены лёсам, жыве

Дабрыні каласком залатым

У пажухлай асенняй траве.

Толькі верай сумленнем радзім,

Толькі ім можна кланяцца ніц,

“ І тады будзе Слова..”, а з ім

І жыцця ўваскрэслага ніць….

Слухайце праграму “Святло душы” 24 снежня ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 8.30 і 21.30 на канале “Культура”.

У праграме прымаюць удзел кіраўнік вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, дырэктар сярэдняй вілейскай школы №3 Мікалай Гіро, дачка Івана Лашуткі Лілія Іванаўна Цвярдоўская.

На фота Іван Лашутка. Фота з архіву "РГ"

/ sobor.by/

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2026.