Праграма “Святло душы” раскажа пра фестываль “Званы памяці”, які прайшоў у Вілейцы
8 НОЯБРЯ 2018 (Четверг) 13:43:45 Праграма “Святло душы” раскажа пра фестываль “Званы памяці”, які прайшоў у Вілейцы напярэдадні 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.Тутэйшая зямля сапраўды памятае аб кравапралітных баях, якія разгарнуліся тут з 1915 па 1918 гады, у ёй знайшлі спачын тысячы салдат “забытай вайны", і дагэтуль бары вілейшчыны параненыя франтавымі траншэямі. Шмат гадоў таму Барыс Барысавіч і Валянціна Пятроўна Цітовічы, пасяліўшыся на Вілейшчыне, дазналіся аб ваенных дзеяннях, якія разгарнуліся тут, і знайшлі шматлікія воінскія пахаванні. Яны сталі клапаціцца аб закінутых могілках і вылучаць іх памятнымі знакамі. З цягам часу ініцыятыва двух чалавек набыла саюзнікаў і ўзнік дабрачынны гісторыка-культурны фонд “Крокі”. Сярод удзельнікаў Вялікай вайны было нямала рускіх пісьменнікаў і паэтаў, захаваліся франтавыя пісьмы яе простых салдат. Валянціна Пятроўна Цітовіч як прафесійны рэжысёр стварыла кампазіцыю “Лісткі з паходнага сшытка”. Атрымаць нават адзін Георгіеўскі крыж у тую вайну лічылася вялікім гонарам. Сяргею Іванавічу Бяспанскаму ўдалося знайсці звесткі пра 400 кавалераў Ордэна паходжаннем з беларускіх земляў. Прэзентацыя яго кніг адбылася ў вілейскім Цэнтры эстэтычнага выхавання. Сярод узнагароджаных Георгіеўскім крыжам быў Максім Гарэцкі за тое, что вызначыўся ў баі 27 жніўня 1914 года пад Алленбургам ва Усходняй Прусіі. Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец Максім Гарэцкі пакінуў некалькі значных твораў, у якіх увасобіў памяць аб Першай сусветнай вайне. Рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі і журналіст Кастусь Антановіч стварылі аўдыёспектакль “На імперыялістычнай вайне” па творах Гарэцкага. На фестывалі “Званы памяці” яны прэзентавалі другі дыск яго прозы “Дыямант ў пабітым шкле”. Слухайце праграму “Святло душы” 10 лістапада ў 7.30 і 20.20 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё (106,2 FM). Фота з сайта www.peramoga.by / sobor.by/ (просмотров 2637) |
Новости разделов: