Брацтва Уладзіміра Хіраска са спектаклем і гульнямі наведала інтэрнат у Чэхаўшчыне
19 ЯНВАРЯ 2016 (Вторник) 15:29:57 У апошні дзень святак, у сонечную і марозную нядзелю, 17 студзеня, моладзевае брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска накіравалася з падарункамі і сваім новым спектаклем па твору Чарльза Дзікенса ў Чэхаўшчыну – да дзяцей з мясцовай дапаможнай школы-інтэрната.Прыезд братчыкаў для малых з інтэрната заўжды святочная падзея. Гасцей з Мінска яны чакаюць увесь год. Пачуўшы вуркатанне аўтобуса і ўбачыўшы знаёмыя твары, шчаслівыя падлеткі высыпалі на двор дапамагаць братчыкам разгружаць дэкарацыі і падарункі. Акцёры з ліку братчыкаў хутка прыстасаваліся да новых умоваў, пераапрануліся і ўсталявалі дэкарацыі. Калі зала напоўнілася дзецьмі, на сцэну падняўся кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч. Падрабязна і жывенька ён распавёў прыстутным гісторыю Нараджэння Хрыстова, папярэдзіўшы дзяцей слухаць уважліва – на прыканцы дня малых чакала віктарына па агучанай тэме з падарункамі за правільны адказ. Расповяд пра Хрыстова Нараджэнне не толькі прасвяціў падлеткаў, але і падрыхтаваў да знаёмства са спектаклем брацтва па твору Чарльза Дзікенса. Гэта драматычная гісторыя ўзлаванага на ўвесь свет Скруджа, які на схіле гадоў разумее, што страціў любімых і змарнаваў час свайго жыцця ў шалёнай пагоні за грашыма. Шчырае пакаянне напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова даруе яму магчымасць змяніцца і ўратаваць душу… Спектакль у братчыкаў атрымаўся светлы і глыбокі па зместу – яго варта паглядзець кожнаму. Ён пакідае надзею, узмацняе веру, даруе радасць, што мы яшчэ жывыя і здольныя быць сатворцамі свайго лёсу… Дзеці глядзелі яго з захапленнем. Нават тыя, хто балбатаў, хутка прыціхлі і ўважліва сачылі за развіццём падзей. Акцёры сыходзілі пад шквал апладысментаў. Падсілкаваўшыся абедам, валанцёры разам з дзецьмі рушылі на двор. Бліскучы снег, вялізныя сумёты, яскравая сонейка і бясконцае сіняе неба – здаецца, сама прырода вітала дружную кампанію і разам з ёй радавалася жыццю. На свежым паветры малыя прынялі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах – бегалі навыперадкі на адной лыжы, перацягвалі адзін аднаго на веніку – весяліліся ад душы. Нават калі падрыхтаваныя гульні скончыліся і вызначылася каманда пераможцаў дзетвара яшчэ доўга кідалася снежкамі і валялася ў пушыстым снезе. Зацягнуць у інтэрнат малых удалося толькі запрашэннем на святочны стол з салодкімі прысмакамі, якія прывезлі братчыкі. Аднавіўшы сілы, усе з запалам пакінулі іх на “танцполе” – пад завадную музыку народаў свету дзеці разам з мінчукамі весела танцавалі армянскія, грэчаскія і славянскія танцы, шчасліва смяяліся ды абдымаліся. Пад занавес выйшаў Дзед Мароз з падарункамі. Кожны атрымаў ад яго асабісты гасцінец, сярод якіх былі кніжкі на розныя тэмы ( "Сонца", "Рыбы", "Чалавечае цела", "Жывёлы" і гд), сшыткі ды альбомы для малявання, алоўкі і нататнікі, шампуні, шкарпэткі і гд. Ад’язджалі братчыкі, калі на небе ўжо свяцілі зоркі. Падлеткі, не звяртаючы ўвагу на мароз, ступалі ў цемры па скрыпучым снезе, шчыра дзякавалі і запытвалі “калі вы зноў прыедзеце?”. З вокнаў інтэрната глядзелі –блішчэлі дзсяткі шчаслівых вочак... - Нешта дакладна спланаваць, калі едзеш у дзіцячы дом, немагчыма. Усё адбываецца, як абываецца, але заўсёды – добра. Так і зараз - дзякуючы цудоўнай гульні артыстаў, цудоўнаму надвор’ю і дзейнасці тых, хто паехаў з намі, усё атрымалася. Калі бачыш поўныя падзякі вочы малых, не хочацца з’язджаць, - дзеліцца ўражаннямі кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч. - Дзякуй усім ахвяравальнікам, якія дапамаглі набыць дзецям падарункі. Асаблівая падзяка мінскай ГУА “Гімназія № 192” і яе дырэктару Пазняковай Ірыне Уладзіміраўне! Тым часам па прыездзе ў Мінск а восьмай гадзіне вечара прыгоды братчыкаў не скончыліся. Натхнёныя дзецьмі на добрыя справы, поўныя жадання дзяліцца любоўю і радасцю з усім светам, у апошнія гадзіны святкаў яны, падсілкаваўшыся гарбатай з печывам, выйшлі на вуліцы Мiнска - калядаваць і несці жыхарам сталіцы святочную вестку: "Хрыстос Нарадзіўся – Бог Увасабіўся!" / sobor.by/ (просмотров 4374) |
Новости разделов: