| | 12 СЕНТЯБРЯ 2016 (Понедельник) 17:03:57 У суботу, 10 верасня, моладзь з брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска пры мінскім прыходзе ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” здейсніла велавандроўку на водасховішча Вяча. Ад прыхода (вул. Прытыцкага, 65) гэта каля 25 км. Братчыкі праехалі іх за дзве з паловай гадзіны.
- Спачатку ехалі па горадзе, а пасля па трасе Мінск-Мядзел. Дзякуй Богу, без прыгод, - распавядае братчык Аляксандр. – Было сонейка, таму з некаторых добра цякло (усміхаецца), але мне было не цяжка, бо на ровары часта езджу.
У велавандроўку паехалі чацвёра братчыкаў: “вырашылі захапіць апошнія цёплыя дні, злавіць сонейка і зачыніць летні купальны сезон”.
На Вячы моладзь выкупалася, пасмажыла сасіскі:
- Вада - нічога сабе, чыстая. І возера добрае. Бачылі качак, чаек і лебедзяў. Рыбакоў там шмат, - узгадвае Аляксандр. – Некаторыя з нас нават сабралі грыбы: мусіць, падбярозавікі і сыраежкі.
Па-праўдзе, моладзь паехала ў велавандроўку на Вячу не толькі дзеля адпачынку – гэта была і велатрэніроўка: 18 верасня, у нядзелю, паслі Літургіі братчыкі запрашаюць усіх ахвотных у велапаломніцтва да святой блажэннай Валянціны Мінскай.
- Да матухны Валяніціны ад Мінска каля 42 км, на роварах едзем туды і назад. Таму трэба ацэньваць свае магчымасці, - заўважае Аляксандр.
Запіс у велапаломніцтва да святой Валянціны Мінскай па тэлефоне: 29 323 15 34, Сяргей. Пры сабе мець ровар і ўменне на ім ездзіць. На святым месцы будзе чытацца Акафіст.
/ sobor.by/
(просмотров 3098) |