Знаёмства з Якубам Коласам, пераход праз Нёман і іншыя прыгоды - брацтва Уладзіміра Хіраска звадзіла падлеткаў у паход
15 ИЮНЯ 2016 (Вторник) 16:39:41 Падчас летніх канікул моладзевае брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска звадзіла 11 падлеткаў з мінскага дзіцячага дома №5 у паход пад вёску Новы Свержань, пад Стоўбцамі.На электрычцы моладзь даехала да Акінчыцаў. 3 лістапада 1882 года тут нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі Кастусь Міцкевіч, вядомы як Якуб Колас. У вёсцы падарожнікі наведалі з экскурсіяй мясцовую мемарыяльную сядзібу, сярод экспанатаў якой – аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевіча і прадметы сялянскага побыту канца XIX ст. - Уразілі старадаўнія рэчы і тое, што хата зусім не багата, але вельмі ўтульна абсталявана, - дзеліцца ўспамінамі братчык Алесь. – Бачылі калыску Якуба Коласа, рэчы яго маці і бацькі. Моцна спадабалася, што эксурсію супрацоўнік музея праводзіў па-беларуску і падчас аповеду шмат цытаваў Якуба Коласа. Дзеці з цікавасцю ўсё слухалі! Пасля музея, трошкі адпачыўшы, моладзь накіравалася ў вёску Новы Свержань. Ісці было складана: клункі вялікія, малодшаму з дзяцей – 10 год, большасці 14-15 гадоў. Для адпачынку рабілі перавалы, перакусвалі і рухаліся далей… - Ішлі па такіх дзікіх месцах прыгожых! Нават бачылі касулю, - уражаны Алесь. Каб дайсці да вёскі, вандроўцам трэба было перасекчы Нёман. Таму ля вады ад каманды аддзялілася невялічкая група, якая пайшла шукаць, дзе можна перайсці раку ўброд. Шукалі гадзіны 3-4. За гэты час астатнія зварылі абед з усяго, што было ў заплечніках (бульба, цыбуля, макароны, аўсянка) – “пайшло так, што хруст за вушамі толькі так і стаяў!”. Калі пераправа была знойдзена, хлопцы ўзялі клункі, пасадзілі на спіны дзяўчынак і пайшлі праз Нёман… Вада па пояс, цяжкія рэчы ў руках – ісці было складана, усе ногі падрапалі. Таму не дзіва, што пасля пераходу падарожнікі адразу зрабілі перавал з намётамі. Павячэралі, пачыталі малітву і пайшлі спаць… - Дзіва, як нам пашчасціла з надвор’ем! Сонейка і спякота – нават спаць было цёпла! А прагноз палохаў дажджом… Прачнуліся каля 8-й раніцы, каб паспеці на Літургію ў вёску Новы Свержань. На набажэнне папалі ў царкву ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, якая была пабудавана Радзівіламі ў 16 ст. Шмат хто з дзяцей прычасціўся. Пасля царквы моладзь паснедала падсмажанымі сасіскамі і рушыла дадому. Вярталіся пешшу да Стоўбцаў, а адтуль на цягніку да Мінска. Не без прыгод. Ледзьве паспелі на цягнік у 17.29… - У 17.29, калі наш цягнік ужо стаяў на пероне і збіраўся рушыцца, мы толькі падышлі да аўтавакзала.Ужо аб’явiлi пра яго адпраўленне, мы былi гатовыя памахаць яму ручкамі, але цягнік стаў. Мы перайшлі аўтавакзал, падняліся на чыгуначны мост, ужо нават і не спяшалiся, але ён усё стаяў. Тут мы спусціліся па лесвіцы, падыйшлі да яго, азірнуліся і разумеем, што наша кампанія расцягнулася на вялікую дыстанцыю – некаторыя толькі падымаюцца на мост, у той час як большасць ужо ля цягніка! І тут вырашаем – едзем! Цягнік ужо рады быў адпраўляцца, але мы трымалi дзверы і клікалi сваіх. Дзеці беглi з апошніх сілаў! Хвілін 5 мы трымалі дзверы, чакаючы астатніх! Дзякуй Богу, дзякуй машыністу - паспелі! У Мінск вярталіся з музыкай і спевамі пад баян і гітару. Гэта ўжо добрая традыцыя - рэпертуар песен у кампаніі такі, што за 1,5 гадзіны дзеці разам з братчыкамі не паспелі яго праспяваць… Даспявалі ў мінскім тралейбусе. - Пасажыры вельмі цёпла ставіліся да нашых спеваў, - усміхаецца Алесь . – Так, мы забылі словы песні “Бярозавы сок” Песняроў, дык людзі іх ўзгадалі і разам з намі праспявалі… Ужо ў дзіцячым доме, стомленыя і шчаслівыя дзеці выказвалі братчыкам падзяку і ўсеагульную прапанову- "скаргу" : “што такое 2 дні – у паход трэба на тыдзень ехаць!”. (просмотров 3404) |
Новости разделов: