| | 27 МАЯ 2015 (Среда) 19:17:46 Моладзевае брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска прыняло ўдзел у традыцыйным хрэсным ходзе ў Менску, прысвечаным дню ўзгадання святых братоў Кірыла і Мяфодзія, настаўнікаў Салунскіх.
Адметна, што брацтва ўдзельнічала ў гэтай падзеі ўпершыню і ў хрэсны ход разам з сабой запрасіла дзетак з 5-га мінскага дзіцячага дома. Дарэчы, кожную нядзелю братчыкі водзяць іх на богаслужэнне.
- Гэта была цудоўная нядзеля! Дзень пачаўся з Літургіі ў Свята-Духавым кафедральным саборы, а пасля службы мы з дзеткамі ўзялі харугву і разам з усім народам пайшлі хрэсным ходам да Замчышча, дзе адбыўся малебен святым Кірылу і Мяфодзію, - расказвае кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч. – Кожны з малых імкнуўся зрабіць хоць некалькі крокаў з харугвай, што казаць, для іх гэта быў першы хрэсны ход у жыцці.
Набраўшыся, па словах Паўла, мілаты, старэйшая група дзетак, малодшаму з якіх 8 гадоў, пасля малебна накіравалася ў Цэнтральны батанічны сад, дзе ў гэты час праходзіў штогадовы тыдзень бэзу.
- Ідзеш, а пахне так, што зоркі перад вачыма, - усміхаецца суразмоўца. – Бэз у батанічным садзе, здаецца, усіх колераў: і белы, і ружовы, і блакітны… Бачылі шмат раслін, для дзетак невядомых. Зразумела, іх назвы за адзін раз вывучыць немагчыма, але самую мілагучную - “родадэндрон” – некаторыя запомнілі.
Шчаслівыя, дзеці гулялі, насіліся па траўцы, удыхалі квяточныя водары і плёскаліся ў басейне: “толькi што купацца не лезлі”.
/ sobor.by/ (просмотров 3364) |