| | 12 АВГУСТА 2015 (Среда) 17:27:38 На мінуўшых выхадных брацтва ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска здейсніла штогадовы традыцыйны паход у пасёлак Ракаў і яго наваколле– пляцоўку на беразе Іслачы.
Хадзілі з пятніцы па панядзелак, калі ў Беларусі быў пабіты тэмпературны рэкорд. Турыстам пашчасціла схавацца ад сталічнай спёкі ў лесе пад Ракавам. Больш таго ахалоджвала вада Іслачы, якая вядома сваёй сцюдзёнасцю.
У гэтым годзе паход сабраў 11 чалавек з ліку братчыкаў і праваслаўнай моладзі мінскага храма “Усіх тужлівых Радасць”. Сярод навічкоў – каталік Аўгуст Міксон (хлопчыка назвалі ў гонар дзеда з Эстоніі).
Амаль увесь час турысты правялі ў лесе, дзе купаліся ў рэчцы, пелі пад гітару і баян, ласаваліся лясной малінай. Разам маліліся перад вячэрай, на пачатак і на сканчэнне дня. Наведалі вячэрню і Літургію ў Спаса-Праабражэнскім храме Ракава. А адна са спявачак мясцовага хора разам з панамаром храма нават завіталі да спадарожнікаў у госці.
Надвор’е не перашкодзіла сыграць моладзі ў футбол – 6:2.
З-за небяспечнага надвор’я братчыкі вельмі рупліва сачылі за ўсімі ўдзельнікамі пахода.
- Дзякуй Богу, усе вярнуліся жывымі і здаровымі, - з палёгкай кажа кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч.
Варта адзначыць з якой павагай турысты аднесліся да прыроды – спачатку прыбралі месца сваёй стаянкі ад пляшак, паперак і пластыраў, а перад ад’ездам сабралі ўсё смецце паасобку і завезлі ў Менск на пераапрацоўку.
- Паход так спадабаўся, што ўжо паступілі прапановы ў наступным годзе здейсніць яго не на выхадныя, а на цэлы тыдзень, - з усмешкай адзначае Павел.
/ sobor.by/
(просмотров 3044) |