| | 25 АВГУСТА 2015 (Вторник) 23:51:16 Штогадовая навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў" накіруецца 2 верасня ад мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора праз гарады і вёскі Беларусі ў горад Шчучын, які ў гэтым годзе абраны сталіцай свята беларускай пісьменнасці і культуры. Там удзельнікаў экспедыцыі, якія будуць несці лампаду з благадатным агнём ад Гроба Гасподня, будуць вітаць 6 верасня.
У гэтым годзе гэта мерапрыемства ладзіцца ўжо ў 22 раз. Сярод тых, хто прымае ў ім удзел, - прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, культуры і інфармацыі, члены Нацыянальнай акадэміі навук, журналісты, пісьменнікі, гісторыкі, святары, інш. На шляху да Шчучына экспедыцыя пройдзе праз Баранавічы, Івацэвічы, пасёлак Першамайскі і вёску Малеч Бярозаўскага раёна, праз Пружаны, Свіслач, г. п. Вялікая Бераставіца, Гродна, вёску Верцялішкі Гродзенскага раёна, Скідзель.
Традыцыйна ўдзельнікі экспедыцыі наведваюць храмы, школы, бальніцы, дамы-інтэрнаты, дзе ладзяцца цікавыя творчыя сустрэчы. Каля храмаў у тых месцах, праз якія праходзіць “Дарога да святыняў”, удзельнікі экспедыцыі садзяць маладыя дрэвы - так званы сад малітвы.
Кіраўнік экспедыцыі – паэтэса і журналіст, лаурэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Ніна Загорская - раней так расказвала пра экспедыцыю : “Мітрапаліт Філарэт, бласлаўляючы нашу экспедыцыю, казаў так: “Дзве традыцыі ў экспедыцыі: асвячэнне гарадоў і вёсак агнём Пасхі и стварэнне садоў малітвы”. Гэта нашае блаславенне на паяднанне пакаленняў, на злучэнне нашых душ у веры”. / sobor.by/ Ганна Галкоўская (просмотров 3882) |