| | 30 СЕНТЯБРЯ 2015 (Среда) 12:49:12 У студзені 2016 года споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння протапрасвітара Віталія Баравога (1916–2008) — выдатнага царкоўнага дзеяча, багаслова, выкладчыка МiнДАіС. Па благаславенню Праасвяшчэннейшага Паўла, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, распрацавана праграма памятных мерапрыемстваў, якія на працягу 2015-2016 гг. пройдуць у Мінску, Жыровічах, Гомелі, Докшыцах, на малой радзіме айца Віталія.
3 кастрычніка 2015 г. у Мінскай духоўнай семінарыі адбудзецца Міжнародная навукова-багаслоўская канферэнцыя, прысвечаная памяці протапрасвітара Віталія, які нямала папрацаваў дзеля адраджэння Мінскай духоўнай семінарыі ў цяжкі пасляваенны час. У гэты дзень чакаецца ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі на будынку духоўнай семінарыі і прэзентацыя фотавыстаўкі, прысвечанай памяці шаноўнага протапрасвітара.
У асобе айца Віталія спалучаліся высокі прафесіяналізм, глыбокая духоўнасць, шчырая любоў да людзей. Яго праца ў Маскве, міжнародных арганізацыях, талент дыпламата і вучонага спрыялі павышэнню аўтарытэту Царквы на міжнароднай арэне, усталяванню асноў для міру і згоды ў міждзяржаўных і міжцаркоўных адносінах. Пераадольваючы цяжкія жыццёвыя абставіны, айцец Віталій заўсёды заставаўся верным свайму пастырскаму абавязку. Ён не парываў сувязі са сваёй радзімай, часта бываў у Беларусі, чытаў лекцыі, удзельнічаў у канферэнцыях, наведваў родныя мясціны.
Выкладаючы ў Мінскай духоўнай семінарыі, айцец Віталій Баравы выхаваў не адно пакаленне свяшчэннаслужыцеляў, якія і сёння нясуць Слова Божае народу Беларусі, клапоцяцца пра духоўнае здароўе нацыі.
Праграму канферэнцыі глядзіце ў дадатку да навіны.
/ sobor.by/ (Праграма 1 частка) (Праграма 2 частка) (просмотров 3297) |