На шляху да святыняў Дрыбіна - тэма новага выпуску праграмы «Святло душы»
17 ОКТЯБРЯ 2013 (Четверг) 16:46:58 Праграма “Святло душы” зноў запрашае далучыцца да шляху 20-й рэспубліканскай духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, што праходзіла напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці па гарадам і вёскам нашай Радзімы з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга....Вечарэла, калі мы з Круглага рушылі на Дрыбін - самы малады раённы цэнтр Магілёўшчыны. Ён быў створаны ў 1997 годзе, калі туды накіраваліся перасяленцы з Чарнобыльскай зоны. Увогуле, вёска Дрыбін узгадваецца ў летапісу 16 стагоддзя. У Паўночную вайну на гэтым месцы разгарнуліся баявыя дзеянні, гэта прымусіла Пятра І накіравацца ў гэтыя мясціны. Амаль 9 месяцаў стаяў фронт у вёсцы Дрыбін і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, так што зямля гэта шматпакутная, але на дзіва прыгожая. Значную частку Дрыбіншчыны займаюць лясы, праз якія працякаюць рэчкі з ласкавымі назвамі - Проня, Бася, Вярбоўка. Сонца ўжо садзілася за лясныя далі, калі на ўскрайку вёскі Пудаўня нас сустрэлі жанчыны, каб запаліць ад Благадатнага Агня свечкі. Спыніліся мы ля хаты з купалам на даху. Тут жыла адзінокая жанчына, якая пажадала, каб пасля яе смерці дом стаў царквой! Жанчыны асцярожна рушылі з запаленымі свечкамі, якія жывымі агеньчыкамі мільгалі ў цемры. Дзіўна, але ў такія моманты вецер як бы засынаў, каб людзі маглі данесці Благадатнае Святло да дому. За вокнамі аўтобуса замільгалі прыдарожныя вёскі. Нам сказалі, што ў адной з іх храм пабудавалі жыхары некалькіх паселішчаў, ўтварыўшы пры гэтым жывы цэп, каб перанесці да будоўлі цэглу. Было гэта даўно, а ў гады бязбожжа іх нашчадкі ў храме зрабілі клуб. Моладзь прыходзіла туды на танцы і, аднойчы, ўбачыла постаць Багародзіцы - усе выбеглі на вуліцу, пасля чаго клуб закрылі. Дакладна вядома, што Пакроўская царква ў вёсцы Кішчыцы была пабудавана ў 1885 годзе. Людзі кажуць, што доўга над ёй не маглі ўзвесці крыж: людзі падалі з вышыні і гінулі. І вось, аднойчы, хлопец з набажнай сям'і даў зарок, што калі ён ўмацую крыж - храм гэты прастаіць вечна”. Юнак умацаваў крыж, але сам пахіснуўся і ўпаў... Калі людзі кінуліся да яго, ён яшчэ дыхаў. Святар памаліўся за яго, акрапіў святой вадой, пасля чаго юнак пайшоў на папраўку. Царква не была разбурана ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ні ў савецкія гады. Яна і зараз ззяе залатымі купаламі... Сваей прыгажосцю ўразіў і новы Праабражэнскі храм у Дрыбіне. Храму адвялі самае прыкметнае месца ў цэнтры гарадка, а айцец Сергій Сень прыклаў усе намаганні, каб храм вабіў людзей і духоўнай прасторай і знешнім хараством. Фотаздымак айца Сергія Сеня мы пабачылі раніцай на гарадской Дошцы гонару. Тады ж адбылася сустрэча з удзельнікамі экспедыцыі ў гарадской бібліятэцы. Загадчыца дрыбінскай бібіліятэчнай сеткі Тамара Салтанава пазнаёміла прысутных з духоўна-асветніцкім і сацыяльным кірункам працы ў раёне. Нядаўна тут прайшоў крэсны ход “Пад покрывым Богародзіцы”, які аб'яднаў народы Беларусі, Расіі і Украіны. Шануюць на Дрыбіншчыне і свае адмысловыя рамёствы. Неўрадлiвасць глебы i яе недахоп здаўна спрыялi развiццю разнастайных промыслаў. Адны з сялян адпраўлялiся на землякопныя работы, другiя – на фабрыкi i заводы, трэцiя займалiся саматужнымі справамі - калёсным, бандарным, ганчарным рамяством. На пачатку 20 стагоддзя навукоўцы Сяменаў-Цян-Шанскі і Доўнар-Запольскі ў сваіх гісторыка-геаграфічных апісаннях адзначалі: «Местные крестьяне выделывают печные изразцы и разную деревянную посуду; но главный их промысел – шерстобитство или шаповальство, то есть изготовление валенок. Хорошо разработан условный язык кустарей – «катрушницкий лемезень». На мове шапавалаў пачала сваю экскурсію ў гісторыка-этнаграфічным музеі Дрыбіна Алена Рабкавец. Пазнаёміўшыся з этнаграфічнымі традыцыямі краю, мы рушылі ў вёску Расна. Цяжка паверыць, што гэта мястэчка з 14 стагоддзя ўзгадваецца як горад. З 1499 года Расна знаходзілася ва ўладанні Мсціслаўскага князя Жаслаўскага. Потым вёска ўзгадваецца як цэнтр Расненскага павета Мсціслаўскага ваяводства, куды ўваходзілі землі сучаснага Дрыбіна. У Расне, як цэнтры павета, знаходзілася кіраўніцтва павета. Расна вядома і як рамесны цэнтр: ганчары, збройнікі, ткачы, гарбары ладзілі сваю вытворчасць у вёсцы. Але эканамічнае развіццё дрыбінскага краю было спынена войнамі, што вялі паміж сабой Маскоўская дзяржава і Вялікае Княства Літоўскае. Тэрыторыя краю стала арэнай актыўных ваенных дзеянняў, бо замак ў Расне меў важнае абарончае значэнне. 15 лістапада 1655 года рускія войскі разрабавалі горад. Частка жыхароў загінула, а некаторыя былі ўзяты ў палон. У першую чаргу бралі рамеснікаў. Многія з іх потым працавалі ў Маскве і іншых гарадах Маскоўскай дзяржавы. Вядома, што ў пачатку 16 стагоддзя на Дрыбіншчыне актыўна будавалася праваслаўныя цэрквы. Адзін з першых храмаў быў ў Расне. Ен быў драўляны і насіў імя святога Фёдара. .... Да новага расненскага храма дарога ўзнімаеца ўгору. Мы ідзём хрэсным ходам са Святым Агнём разам з вяскоўцамі. Сапраўды, на такім узвышшы мог стаяць вялікі горад! Ля брамы Свята-Троіцкай царвы нас сустракае айцец Дыянісій Комар. Уразіла, што нас віталі гімнам, напісаным святымі Кірылам і Мяфодзіем. Выконвалі гімн дочкі айца Дыянісія і яго жонка матушка Людміла. Гэты гімн спяваецца рэдка, знайшоў яго айцец Сергій у выданні беларускага асветніка Вячаслава Багдановіча. Пасля богаслужэння ўдзельнікі экспедыцыі заклалі «Сад малітвы» ля роснененскай школы-інтэрната: менавіта ў гэтым будынку знаходзіўся стары храм у гонар святога Мікалая. Кроплі дажджу прымусілі нас пайсці да аўтобуса. Нас чакаючь у Чавусах. Слухайце праграму “Святло душы” 19 кастрычніка ў 8.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень ў 21.30 на канале “Культура”. / sobor.by/ Фото globus.tut.by (просмотров 3680) |
Новости разделов: