Стартаваў конкурс відэа-інтэрв’ю “Згадаць усё: вера за савецкім часам”
2 ИЮНЯ 2016 (Четверг) 14:06:47 Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ” Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Мінска аб'явіла аб пачатку конкурса відэа-інтэрв’ю “Згадаць усё: вера за савецкім часам”, які прысвечаны 70-годдзю памяці пакутніцкага спачыну прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага. Савецкі перыяд стаў часам выпрабаванняў для Царквы . Аднак за палітычнымі падзеямі незаўважаным застаецца лёс простага чалавека, які мусіў захоўваць любоў да Госпада, веру, свае перакананні насуперак пануючым абставінам. Менавіта гэты перыяд, на які выпалі страшныя выпрабаванні, дае нам узоры мужных учынкаў, праведных жыццяў і духоўнага подзвігу простых вернікаў і духоўных асоб. Але што мы пра гэта ведаем? Гісторыя рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў ХХ стагоддзі з’яўляецца маладаследаванай. Аднак мы можам даведацца аб ёй ад непасрэдных сведак часу. Важнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца ўспаміны людзей, якія жылі ў савецкі час. Яны маглі быць як непасрэднымі ўдзельнікамі пэўных падзей, на ўласным досведзе зазнаць пераслед за вызнанне веры, так і быць відавочцамі антырэлігійнай прапаганды, разбурэння храмаў, катавання вернікаў. Сведкі часу могуць распавесці дакладней і падрабязней пра афіцыйныя дакументы. Давайце разам збіраць вусныя сведчанні пра рэлігійнае жыццё за перыяд савецкіага часу! Мэта конкурсу: атрымаць вусныя сведчанні пра рэлігійнае жыццё ў часы ганенняў, звязаных з вызнаннем веры. Задача для ўдзельнікаў: на падставе гутаркі са сведкам часу раскрыць тэму або як мага больш поўна атрымаць сведчанні ад відавочца ці ўдзельніка падзей. Умовы конкурсу: 1. Для таго, каб прыняць удзел і перамагчы, неабходна зняць на камеру ўспаміны чалавека старэйшага пакалення і даслаць атрыманае відэа-інтэрв’ю арганізатарам конкурсу. 2. Апошні дзень прыняцця відэа 15 жніўня. 3. Жорсткія рамкі працягласці відэа адсутнічаюць, але мінімальная даўжыня відэа-інтэрв’ю – 10-15 хвілін. Варта арыентавацца на тэматыку, рэспандэнта, а не на працягласць запісу. 4. Галоўны крытэрый ацэнкі дасланых відэа – змест успаміну. Чым больш змястоўныя ўспаміны сведкі часу, тым большая верагоднасць атрымаць галоўную ўзнагароду конкурсу. 5. Здымаць відэа можна на прафесійную або аматарскую відэакамеру, фотаапарат, смартфон – любую прыладу, што мае адпаведную функцыю. Але варта памятаць, што якасць відэа і гуку павiнна дазволіць гледачу без перашкодаў азнаёміцца з успамінам (рэспандэнта павiнна быць чутно і бачна!). 6. Сведка часу, які дае інтэрв’ю, павiнен быць не супраць размяшчэння відэароліка ў Інтэрнэце. 7. Кожнае відэа павiнна суправаджацца наступнай інфармацыяй (даслаць на электронную скрыню разам з відэа ці спасылкай на відэа) : а) звесткі пра запісанага сведку часу: імя, прозвішча, імя па бацьку, месца і дата нараджэння, месца пражывання падчас інтэрв’ю; б) дату і месца запісу відэа-інтэрв’ю, в) імя і прозвішча аўтара відэазапісу, кантактныя звесткі – тэлефон, электронная пошта. 8. Узнагароды атрымаюць аўтары чатырох самых цікавых відэа-інтэрв’ю: Гран-пры, а таксама 1-е, 2-е і 3-е месцы. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць падзяку за сваю актыўнасць у зборы звестак аб рэлігійным жыцці ў часы ціску, звязанага з вызнаннем веры. 9. Пераможцаў вызначыць экспертная група, якая складаецца з гісторыкаў і сябраў Брацтва. 10. Даслаць відэа можна наступнымі спосабамі: а) Невялікі відэазапіс можна даслаць на электронную скрыню – vyznannie.viery@gmail.com; б) Больш “цяжкія” файлы можна запампаваць на http://dropmefiles.com, ці любы іншы файлаабменнік, даслаўшы нам спасылку для спампоўвання і неабходную інфармацыю пра запіс. Відэа лічыцца атрыманым, калі вам на электронную пошту прыйшло адпаведнае падцверджанне. Удзельнікі конкурсу могуць карыстацца наступным пералікам тэматык для асновы свайго відэа-інтэрв’ю: - Царкоўныя таінствы і абрады (напрыклад, хрышчэнне, вянчанне, пахаванне) у савецкі перыяд - час забароны і ганенняў. - Царкоўныя святы ў час уціску рэлігійнага жыцця. - Рэпрэсіі супраць царквы, духавенства і актыўных вернікаў (у тым ліку, маральны, грамадскі, эканамічны, прававы ціск). - Мучанікі за веру і акалічнасці іх жыцця - Антырэлігійная барацьба і прапаганда. - Барацьба вернікаў за свае храмы, супраціў закрыццю і разбурэнню. - Арганізацыя царкоўнага жыцця, складанасці штодзённага існавання царквы. - Святарства і прыходы ў часы ганенняў. - Выкарыстанне і распаўсюджванне духоўнай, рэлігійнай літаратуры ў час забароны рэлігійнага жыцця. - Духоўная адукацыя, падрыхтоўка святарства. - Выраб абразоў, нацельных крыжыкаў і іншых прадметаў рэлігійнага культу. - Захаванне, зберажэнне царкоўнай маёмасці прыхажанамі падчас закрыцця храмаў. - Выпадкі вандалізму і апаганьвання святыняў, рабаўніцтва храмаў. - Экспрапрыяцыя царкоўнай маёмасці. - Забарона на выкарыстанне рэлігійнай сімволікі, літаратуры, ікон у штодзённым жыцці. - Вяртанне храмаў./ sobor.by/ orthos.org (просмотров 3026) |
Новости разделов: