У Гродна ў абноўлены храм унеслі гістарычны спіс цудатворнай Каложскай іконы Божае Маці
2 МАЯ 2019 (Четверг) 13:48:31 У Гродна праз стагоддзе вярнуўся гістарычны спіс унікальнай іконы Прасвятой Багародзіцы: 1 мая яго ўрачыста ўнеслі ў Каложскую царкву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Для іконы створаны ківот з дубу: яна будзе ў храме стала. "Здабыццё адбылося ў час сканчэння асноўнага этапу рамонту храма. Мы ўсе ўспрымаем гэта як вяртанне святыні ў абноўлены храм. Гэта знак таго, што рамонт быў зроблены своечасова і слушна", - адзначыў настаяцель Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Дакладны і адзіны вядомы гістарычны спіс іконы, які быў страчаны звыш за 100 гадоў назад, напрыканцы 2018 года выпадкова знайшлі на адным з антыкварных аўкцыёнаў у Германіі. Ікону здолелі набыць. На працягу некалькіх месяцаў ішлі рэстаўрацыйныя работы. На адваротным баку іконы ёсць надпіс чарніламі аб тым, што абраз напісаны ў Лаўрскай іканапіснай майстэрні іераманахам Грыгорыем. "Літаральна некалькі тыдняў назад атрымалі адказ, што ікона, магчыма, была напісана ў Кіева-Пячорскай Лаўры Грыгорыем Гардыеўскім, які ў другой палове XIX стагоддзя быў паслушнікам, памагатым начальніка, а потым і наглядчыкам іканапіснай майстэрні і школы іканапісі", - адзначыў Аляксандр Балоннікаў. Ён падкрэсліў, што даследаванні па высвятленні аўтара іконы, месца яе напісання працягваюцца. Не выключана, што спіс ствараўся для важнай падзеі. Па адной з версій, менавіта гэты спіс быў уручаны імператару Мікалаю II падчас ягонага візіту ў Гродна. Цудатворная ікона Каложскай Божай Маці, напісаная, па некаторых звестках, у XVI стагоддзі, на працягу стагоддзяў была галоўнай святыняй Гродзенскага краю. Яна знаходзілася ў храме да ягонага абрынання ў 1853 годзе. З іконай звязваюць мноства вылячэнняў, а адным са знакавых цудаў стала пазбаўленне Гродна ад разбурэння кайзераўскімі войскамі ў 1914 годзе. Пасля малебна аб уратаванні горада праціўнік, які знаходзіўся практычна ля брамы горада, адступіў. У 1915 годзе ікона была эвакуявана. Згодна адной з версій, яе вывезлі ў Мікола-Вуграшскі манастыр у прыгарадзе Масквы. З тых часоў яе сляды губляюцца. Свята-Барыса-Глебская Каложская царква ХІІ стагоддзя - адзін са старажытнейшых дзеючых храмаў Беларусі. У канцы 2018 года былі завершаны маштабныя работы па захаванні святыні, у прыватнасці, капітальны рамонт драўлянай сцяны храма. Адноўлена нясучая здольнасць каркасу будынка, драўляная сцяна была выраўненая па гарызанталі і вертыкалі, заменена абшыўка фасаду. Таксама выканана добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма, усталявана вонкавае падсвятленне. Фінансаваліся работы з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, абласнога бюджэту, а таксама спонсарскіх сродкаў. Унутры храма завершана аздабленне драўлянай сцяны знутры. Замененыя столь, падлога ў алтарнай частцы. Узведзены балкон для пеўчых, галерэя. Усе элементы драўляныя. У якасці матэрыялу выкарыстоўваўся даўгавечны дуб. Таксама ў падлозе царквы было абсталявана археалагічнае вакно. Частка падлогі пакрыта трывалым шклом: пад ім прыхаджане і наведнікі царквы могуць разглядзець падмурак, а таксама парэшткі некалі страчанай старажытнай калоны храма. БЕЛТА/ kalozha.by/ sobor.by/ (просмотров 1319) |
Новости разделов: