Як 60 - 80-гадовыя жанчыны пабудавалі царкву – слухайце праграму “Святло душы”
29 МАЯ 2014 (Четверг) 15:14:55 Многія ведаюць чыгуначную станцыю Гарадзея, адкуль, перабраўшыся з цягніка ў аўтобус, можна хутка даехаць да старадаўняга Нясвіжа.Безумоўна, у Гарадзеі свая шматвяковая гісторыя, а яе адметнай сучаснай падзеяй стала збудаванне храма Ражаства Багародзіцы, які за дзесяць гадоў узвялі немаладыя тутэйшыя жанчыны. Некалі стаяла ў Гарадзеі царква на могілках, якая ў вайну была спалена. Таму тутэйшыя вернікі перарабілі пад царкву маленькую лясную старожку, якая вяла свой век з часоў Радзівілаў. Але састарэлым жанчынам цяжка было хадзіць за некалькі кіламетраў да старой царквы, таму звярнуліся яны з просьбай да новага бацюшкі, айца Аляксандра Целяка, які прыехаў у Гарадзею, збудаваць тут храм. Выбралі царкоўны савет, пачалі хадзіць па пасёлку збіраць грошы, іх не ўсе давалі, іншыя не верылі, што храм пабудуецца. Дзесяць гадоў гарадзейскія жанчыны, разам з айцом Аляксандрам, узводзілі новы храм, нават адна прыхаджанка склала пра гэта вершаваную паэму! Сцены ўзвялі будаўнікі, а ўсё астатнее рабілі самі: тынкавалі сцены, мяшалі раствор, клалі плітку, пракладвалі трубы. Айцец Аляксандр накрыў дах, дый за час будаўніцтва асвоіў многія спецыяльнасці. Цяжка ўявіць, што дапамагалі яму жанчыны, якім па 60,70 і нават 80 гадоў, але ўсе было пад сілу, і з Божай дапамогай. Асвяціў храм Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт і ўзнагародзіў будаўнікоў. У гарадзейскім храме Ражаства Багародзіцы шмат светлай прасторы, і кожная ікона, здаецца, знайшла сваё месца. Жанчыны з гонарам паказваюць адмысловы іканастас і панікадзіла, якое прывезлі з Грэцыі. Гарадзейскі храм не саступіць любому сталічнаму! Ен злучыў няпростыя жаночыя лесы, пра якія апавядаюць шчыра, без усялякай крыўды, мудрыя, цяплівыя нашы вясковыя кабеты .... Слухайце праграму “Святло душы” 31 мая ў 8.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 21.30 на канале “Культура”. / sobor.by/ Фото globus.tut.by (просмотров 3036) |
Новости разделов: