Мінчанін Алег Дзмітрэнка 5 гадоў штрабіў сцены, каб выдаць дыск з беларускамоўным рэп-рокам і прызваць моладзь да вечных каштоўнасцяў: стварэння сям’і, сяброўства, да чалавечнасці і сумлення. У перыяд творчага крызісу хлопец атрымаў бласлаўленне манаха Іаана, насельніка Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, вядомага таксама як паэт Зніч, і, падбадзёраны, гэтай восенню нарэшце ажыццявіў мару…
У Алега няма музычнай адукацыі, па прафесіі ён інжынер-эканаміст. Выпускнік мінскага БДУІР, хлопец 5 гадоў працаваў электрыкам, каб зарабіць на музычны некамерцыйны праект “Міхась Дуброўка”. Былы тусоўшчык і рэпер са стажам, сёння ён трымаецца евангельскіх каштоўнасцяў і бунтуе супраць мірскога бруду. У падтрымку сусветнага дабра Алег запісаў рэп-рок альбом “Жменя”.
- Мае аднагодкі гінуць ад наркотыкаў, у нас краіна на вачах співаецца, распадаюцца сем’і. Як крычаць пра гэта, каб цябе пачулі? Я распавядаю сваю гісторыю і заклікаю – “хопіць піць!”, - расказвае аўтар пра адзін са сваіх першых трэкаў.
Працуючы над якасцю праекта, Алег хаваўся ў цені. Толькі некалькі трэкаў з’явіліся ў сетцы. Сярод іх і песня “Пластмасавыя зоркі” - у гэтым месяцы яна нават прайшла ў чвэрцьфінал конкурсу “Ведай нашых” на радыё “Сталіца” (105.1).
- Я люблю гісторыі, у шмат якіх песняў распавядаецца нейкі эпізод з майго жыцця. Так кампазіцыя “Кот” прысвечана майму сябру кату, што 18 гадоў са мной пражыў…
У музыцы Алег самавучка. Рэпам займаецца больш за 10 год. Калісьці спяваў у Minsk Underground Skool.
- Кожную суботу мы збіраліся па 200 чалавек у пераходзе ст.м. “Спартыўная” і чыталі рэп, - усміхаецца ён. – Канешне, нас ганялі.
Калі ў 2009 банда Minsk Underground Skool распалася, некаторыя з яе ўдзельнікаў распачалі сольныя праекты. Дарэчы, са школы выйшаў і папулярны сёння Макс Корж. Тым часам падзеі ў асабістым жыцці Алега ўнеслі адметныя карэктывы ў яго светаўспрыманне. Малады пясняр прааналізаваў свае паводзіны і зразумеў:
- Калі Бог даў талент, яго трэба выкарыстоўваць канструктыўна. Алкаголь, лёгкія наркотыкі і дзяўчынкі – не тое, да чаго трэба імкнуцца. Кожная песня пакідае пасля сябе адпаведны настрой, важна каб ён натхняў на нешта добрае. Трэба думаць, да чаго заклікаеш. Я зразумеў, што рабіў не на той бок, дапамагаў ворагу - схапіўся за галаву і ўзбунтаваў супраць цемры і бруду.
З новымі думкамі ў Алега нарадзілася мара – зрабіць беларускамоўны музычны праект, які б без агрэсіі заклікаў слухачоў да вечных каштоўнасцяў: да сяброўства, кахання і стварэння сям’і, да здаровага ладу жыцця. Песні вырашыў пісаць на беларускай мове.
- У жыцці я размаўляю па-руску, бо вырас у рускамоўным асяроддзі, але лічу сабе патрыётам Беларусі, люблю родную мову, яна такая мілагучная, што нібы створана, каб на ёй спявалі. А мо гэта яшчэ і на генным узроўні: мой дзед пісаў на беларускай мове байкі. У свой час Якуб Колас назваў яго маладым таленавітам байкапісцам.
Каб папоўніць слоўнікавы запас роднай мовы, Алег пачаў преачытваць беларускіх класікаў: Васіля Быкава, Івана Шамякіна... Падчас напісання вершаў актыўна працаваў са слоўнікамі.
З былых сяброў-музыкаў наватарскі праект ніхто не падтрымаў: маўляў, хто будзе слухаць рэп на беларускай мове, тым больш, калі там пра дабро і мараль?
- Было вельмі складана вырвацца з вулічнай тусоўкі, дзе маральнасць з каленкі, - распавядае ён. – Зразумела, пачалася глыбокая ўнутраная барацьба і праца над сабой…
Перад распрацоўкай праекта Алег узяў бласлаўленне ў клірыка мінскага храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых радасць” Алега Шульгіна. Падсілкаваны Божай дапамогай, рушыў у бой.
Цяжкасці з’явіліся адразу і пачалі валіцца, як снегавы ком: адсутнасць падтрымкі і аднадумцаў, грошаў, студыі і апаратуры для запісу нарэшце прывялі да творчага крызісу - за 2 гады хлопец стварыў толькі 2 песні.
Узніклі думкі кiнуць пачатае. Тады, канчаткова стомлены, ён набыў квіток і паехаў у Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Пражыў там месяц паслушнікам. У Жыровіцах лёс звёў рэпера з манахам Іаанам – вядомым беларускамоўным паэтам, у міру – Алегам Бембелем (псеўданім Зніч).
- Манах Іаан тады яшчэ быў інакам Мікалаем. Я распавёў яму пра сябе. Як мне падалося, слухаў ён мяне не вельмі зацікаўлена. Але калі я паставіў яму песню “Хопiць піць”, яго вочы адразу запаліліся, і ён сказаў: гэта тваё, нясі гэта людзям, табе абавязкова трэба пісаць.
Падбадзёраны, з упэўненасцю, што справу трэба працягваць, Алег вярнуўся ў Мінск і ўзяўся за вершы і музыку. Сёння тэкстаў у яго хапае ўжо на 2 альбомы, “калі Бог дасць, запішам і іх”. З музыкай яму дапамагаюць прафесіяналы – за іх працу трэба плаціць, таму і трэкаў на дыску толькі 8.
Невыпадкова назва альбома – “Жменя”. У Жыровіцах у складаны час разваг і сумненняў манах Іаан падараваў Алегу некалькі вершаў, пакінуўшы перад імі такія радкі: “...браце Алег, Гасподзь гукае: дай жменьку песень свайму Краю...”.
Што наконт назвы праекта “Міхась Дуброўка” – яна нарадзілася разам з яго ідэяй 5 гадоў таму.
- На Захадзе-3 у Мінску, дзе я жыву, расце дуб, я пад ім з дзяцінства тусіў і нават зараз калі-нікалі з гітарай выходжу пакрычаць. Так што пад ім пачыналася мая творчасць. Таму і Дуброўка. А яшчэ нядаўна даведаўся, што нашы беларускія дубы даюць жалуды раз у 5 гадоў, - блішчаць вочы суразмоўцы. – А Міхась… Ёсць такі архістратыг Міхаіл, блізкi да мяне, якi за Бога, за дабро… Дарэчы, і корні майго дуба – у Царкве.
Алег шчыра кажа, што рабіў гэты праект для людзей і будзе рады, калі як мага больш слухачоў яго пачуюць. Музыка шукае аднадумцаў, якім блізкія хрысціянскія каштоўнасці, тых, хто здольны заставацца верным сапраўдным ідэалам.
- Адзін у полі таксама ваяр. Але з аднадумцамі і горы можна звярнуць, - аптымістычна настроены ён. - Без Бога гэта ўсё было б немагчыма зрабіць. А будзе Яго воля – будзе і працяг!
Sobor.by публікуе "Жменю" ад Міхася Дуброўкі: слухайце, абмяркоўвайце, дзяліцеся з сябрамі!