| | 13 ЯНВАРЯ 2016 (Среда) 14:07:33 У святкі мінскае моладзевае брацтва імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска прадставіла гледачу свой новы спектакль - "Рождественская история Чарльза Диккенса". Паказ прайшоў пры поўным аншлагу ў зімнiм садзе мінскага прыхода іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць" у мінуўшы панядзелак. У тых, хто на яго не патрапіў, ёсць магчымасць паглядзець спектакль у гэтую суботу, 16 студзеня, разам з дзецьмі з 5-га мінскага дзіцячага дома. Пачатак у 10.00. Зімовы сад знаходзіцца ў будынку нядзельнай школы прыхода "Усіх тужлівых Радасць" (г. Мінск, вул. Прытыцкага, 65 (ст.м. “Спартыўная”)).
На спектакль прыйшлі сем'і з дзецьмі з розных прыходаў Мінска. Але, па меркаванню гледачоў, спектакль атрымаўся даволі сур'ёзны па зместу, без песень і скокаў: "З якім захапленнем яго глядзелі дарослыя і людзі сталага ўзросту!".
Галоўны герой гісторыі - хлопец, які ўсё жыццё гнаўся за грашыма, дрэнна ставіўся да людзей, не верыў у Нараджэнне Хрыстова, а калі яго віншавалі са святам, то абураўся, што гэтая падзея выдумана людзьмі, каб зарабіць сабе дадатковы выхадны. Аднойчы анёлы ўзялі яго на неба і паказалі, як ён жыў. Уражаны ўбачаным, хлопец раскаяўся і папрасіў анёлаў вярнуць яго на зямлю, каб атрымаць магчымасць змяніцца...
Пасля спектакля ўсіх прысутных чакала святочная трапеза: гарбата з салодкімі прысмакамі. У цёплай атмасферы гледачы разам з акцёрамі спявалі песні і віншавалі адзін аднаго са святам Нараджэння Хрыстова.
Дарэчы, паказ у прыходзе не быў прэм'ерным - першымі новы спектакль па добрай традыцыі ўбачылі хворыя малыя дзеці з 2-й дзіцячай бальніцы Мінска ў першыя дні новага года.
/ sobor.by/ (просмотров 5623) |