Вялікі Чацвер - дзень Еўхарыстыі, у якой мы злучаемся з Хрыстом
17 АПРЕЛЯ 2014 (Четверг) 05:11:01 Сёння Вялікі Чацвер, дзень Тайнай Вячэры, дзень Еўхарыстыі - галоўнага таінства Царквы. Напярэдадні Сваёй смерці, напярэдадні Свайго распяцця, да якога Гасподзь рыхтаваўся, Ён сабраў Сваіх бліжэйшых вучняў на вячэру. Сабраў, каб даць ім апошнія настаўленні, каб сказаць ім развітальныя словы. І каб паказаць ім прыклад, як трэба ставіцца адзін да аднаго. Гасподзь на гэтай Вячэры кожнаму вучню Свайму, кожнаму апосталу абмыў ногі, паказваючы гэтым, што Ён, будучы Госпадам і Настаўнікам, гатовы служыць ім. Гатовы на ўсё дзеля іх. І сказаў Гасподзь, што і мы гэтак жа павінны ставіцца азін да аднаго, да нашых бліжніх. У гэтым сутнасць хрысціянскіх паводзін, хрысціянскіх адносін адзін да аднаго. У Вялікі Чацвер многія праваслаўныя хрысціяне хочуць паспавядацца і прычасціцца святых Хрыстовых таямніц. І гэта правільна, таму што гэта Дзень устанаўлення таінства Еўхарыстыі - таго таінства, у якім Гасподзь найбольш відавочна і поўна прысутнічае ў нашым жыцці. Таго таінства, у якім мы найбольш цесна з Госпадам злучаемся. Мы не бачым Госпада нашымі фізічнымі вачыма, але Ён пакінуў нам не толькі Сваё вучэнне. Ён пакінуў нам не толькі Евангелле, якое запісалі Яго вучні. Ён на ўсе часы, на ўсе стагоддзі пакінуў нам Сваё Цела і Кроў у таінстве. І калі мы прычашчаемся, прымаем Цела і Кроў Хрыстову з верай, з благагавеннем, з цвёрдай упэўненасцю, што за нас Яго прычыстае Цела на Крыжы пакутавала, за нас Яго Кроў праліта была, то, сапраўды, Прычашчэнне мае для нас тое значэнне, што нашы грахі прабачаюцца нам, адпускаюцца нам. І мы злучаемся з Хрыстом. Важна, канешне, у гэтыя страсныя дні пакут Гасподніх больш строга пасціць, больш засяроджана маліцца, каб дастойна прычасціцца Цела і Крыві Гасподніх. А ўвечары ў гэты дзень традыцыйна служыцца служба, якая больш адносіцца да наступнага дня, да Вялікай Пятніцы. Гэта Богаслужэнне, прысвечанае пакутам Хрыстовым, мукам Хрыстовым. Чытаецца дванаццаць урыўкаў з Евангелля розных евангелістаў, і перад намі праходзіць увесь крыжовы шлях Госпада. І суд над Ім у Пілата, і шлях на Галгофу, і самое распяцце, і кожнае слова Госпада, якое сказана было і па дарозе на Галгофу, і на самой Галгофе. І Царква заклікае нас усё гэта перажыць, Царква заклікае нас памятаць пра гэта. Памятаць не для таго толькі, каб выклікаць у нас спачуванне, нейкія сентыментальныя пачуцці, не. Калі Гасподзь ішоў на Галгофу, многія жанчыны, бачучы, як цяжка Яму, як падае Ён пад Крыжом, плакалі. Гасподзь, абярнуўшыся да іх, казаў: “Не плачце па Мне! Плачце аб сабе і дзецях вашых!” І вось гэтыя словы Госпада нам варта памятаць і ў дні Страснога тыдня. Царква нам гаворыць пра мукі Хрыстовы, пра пакуты Хрыстовы толькі з адной мэтай: каб мы ўсвядомілі, наколькі вялікай, наколькі бязмежнай была любоў Госпада да нас, што Ён такія мукі прыцярпеў, што Ён на гэта пайшоў дзеля нас. І ад нас Ён чакае толькі аднаго: такой самай любові ў адказ. Такой самай гатоўнасці жыць па Яго запаведзях, па Яго закону, дзеля той Вечнасці, якую Ён нам дае. / sobor.by/ Протаіерэй Сергій Гардун (просмотров 3754) |
Новости разделов: