Шматдзетная сям'я настаяцеля вясковай царквы: "Калі дзеці побач, жыццё святлее!"
22 МАЯ 2015 (Пятница) 12:48:26 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 2014 года Любоў Васільеўна Равінская, медыцынская сястра Ляхавецкай амбулаторыі агульнай практыкі, узнагароджана ордэнам Маці.Людзі па-рознаму разумеюць сэнс слова «багацце», зыходзячы з уласнага вопыту, жыццёвых каштоўнасцей і арыенціраў. Адны яго бачаць у золаце ці брыльянтах, другія – у грошах, трэція – у дамах, дачах… А вось матушка Любоў і айцец Віталь Равінскія, настаяцель царквы ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы в.Ляхаўцы, лічаць, што самае каштоўнае багацце, бясцэнны скарб – гэта дзеці ў сям’і. Яны – Божае блаславенне. - Дзеці – наш працяг, нашы надзеі, – кажа айцец Віталь. – Яны – гэта будучы капітал кожнай сям’і. Калі ў іх укладваць усе свае сілы, любоў, аддача абавязкова будзе. - Якое гэта шчасце, калі ў доме гучыць не адзін звонкі дзіцячы голас! – гаворыць матушка Люба. – Калі дзеці побач, жыццё святлее. Зараз мне ўявіць цяжка, нават немагчыма, што ў мяне толькі адзін сын і адна дачка. Мнагадзетная сям’я… Колькі трэба вытрымкі, цярпення, самаадданасці, душэўнай цеплыні, раўнавагі, каб выгадаваць, выпеставаць, выхаваць і вывесці на шырокую жыццёвую сцежку ажно шасцярых дзяцей! Людзей, якія ўзялі на сябе такую вялікую адказнасць, можна з поўным правам, напэўна, назваць героямі. Выхаванне дзяцей – гэта складаная, надзвычай адказная, штодзённая і карпатлівая праца. - Раней шматдзетная сям’я была звычайнай з’явай. А цяпер такіх менш. Дык чаго больш у шматдзетнай сям’і – шчасця ці праблем? – цікаўлюся. - Шчасця, – усміхаецца айцец Віталь. – Нашы дзеці прыносяць нам, у асноўным, толькі радасць і задавальненне. Яны – гэта наша з матушкай вялікае шчасце, а калі іх у вас шэсць, то і шчаслівейшыя ў шэсць разоў за iншых. Хоць і праблемныя пытанні час ад часу ўзнікаюць. У кожнага з дзяцей свой характар, свае зацікаўленасці. І гэтага нельга не ўлічваць, бо кожны з іх – чалавек, асоба і мае права на выбар, але ў межах дазволенага. Матушка Люба знаёміць з дзецьмі: трыма дзяўчынкамі і трыма хлопчыкамі. - Старэйшая, Надзея, вучыцца ў 8 класе, Таццяна – у 7-м, Кірыл – у 4-м, Андрэй – у 2-м, Еўфрасінні 5 гадоў, цяпер яна наведвае дзіцячы садок. А вось Цімоху, самаму меншаму, каля трох гадоў. Мы з ім пакуль і сядзім дома. Старэйшыя дзеці захоплены музыкай – асвойваюць піяніна. Надзея, Таццяна, Кірыл і Андрэй наведваюць заняткі ў школе мастацтваў. Усіх іх музычнай грамаце вучыць Таццяна Міхайлаўна Хутарная. Дома ў нас часта гучыць музыка, бо дзеці рэпетыруюць, рыхтуючы хатнія заданні. Калі ёсць цікавасць да чагосьці, то яе неабходна пастаянна падсілкоўваць, усяляк падтрымліваць, каб не згасла, не знікла бясследна. У жыцці ўсё спатрэбіцца. - З сястрою мы ўжо іграем у дзве рукі, – прызнаецца Надзея. – Марым, што хутка зможам сыграць і ў 4 рукі. Праўда, для гэтага неабходна многа разоў рэпетыраваць. Ды і ў Андрэя, які толькі адзін год наведвае заняткі, не хапае неабходных ведаў. У яго пакуль яшчэ не ўсё добра атрымліваецца. Аднак мы яму дапамагаем. * * * У кожнай сям’і індывідуальны сакрэт шчасця, свае ключы ад яго. Адной для ўсіх формулы не бывае. Аднак немагчыма ўявіць шчаслівую вялікую і дружную сям’ю без кахання, любові, узаемападтрымкі, узаемапавагі, уважлівых адносін і ўмення пазбягаць штодзень вострых вуглоў. -Толькі памяркоўнасць, пачуццё меры і разумнасць ва ўсім даюць свае станоўчыя вынікі ў выхаванні, – сцвярджае айцец Віталь. – Дзяцей мы вучым, каб яны на кожным кроку паважалі, шанавалі Бога і людзей. Жыццю вучым, расказваючы і аналізуючы канкрэтныя прыклады. Дзеці з самага маленства ведаюць, што ў нашай сям’і няма слоў «не хочацца, не буду», ёсць слова «трэба». Іх прывучаем да дысцыпліны, парадку, адказнасці за даручаную справу і свае ўчынкі, акуратнасці. Безумоўна, што трэба жыць з любоўю ў сэрцы да ўсяго, радавацца кожнаму пражытаму дню, цаніць кожную шчаслівую хвіліну, любавацца дзецьмі і заўважаць, як яны паступова падрастаюць, адкрываюць таямніцы навакольнага і нязведанага свету. - Яшчэ ад бацькоў я пераняла, што самае галоўнае – дапамагаць адзін аднаму ва ўсіх сітуацыях, – гаворыць матушка Люба. – Гэтаму ж і дзяцей вучым. На першым месцы ў мяне заўсёды стаяла сям’я, яе інтарэсы. Усё, што неабходна, імкнуся да дзяцей данесці добрым і ласкавым словам. Мне хочацца, каб дзеці, калі вырастуць, з бацькоўскага гнязда паляцелі падрыхтаванымі да жыцця. Айцец Віталь і матушка Люба далучаюць дзяцей да працы. Ужо зараз у Таццяны атрымліваюцца смачныя тарты, булачкі. Імкнецца не адставаць ад сястры і Надзея. Ды і пяцігадовая Еўфрасіння заўсёды на кухні, калі старэйшыя сёстры завіхаюцца ля пліты. У абавязках дзяцей і прыбіранне ў доме. У сям’і святара Віталя Равінскага ёсць і яшчэ адна «агульная справа», якая моцна аб’ядноўвае. На выхадных днях дзеці з бацькамі абавязкова бываюць на службе ў храме. Надзя, калі не няньчыць Цімоху, спявае ў хоры разам з матушкай, Таня спрабуе чытаць гадзіны перад пачаткам Боскай літургіі, Кірыл – панамарыць, Андрэй і Еўфрасіння – запальваюць і гасяць свечкі. * * * Віталь і Люба ўпершыню сустрэліся ў Мінскай духоўнай семінарыі. Яна туды паступіла вучыцца на рэгента. Ён родам з Баранавіч. Пасля 9 класаў па жаданні маці юнак падаў дакументы ў мясцовае СПТВ-118, каб атрымаць спецыяльнасць слесара механа-зборачных работ. - Жаданне паступіць у Мінскую духоўную семінарыю зарадзілася яшчэ ў школьныя гады, – расказвае айцец Віталь. – Думаў, што закончу школу, а пасля ўжо стану святаром. Аднак маці парэкамендавала спачатку набыць спецыяльнасць. Так я і зрабіў. Першая сустрэча маладых адбылася ў трапезнай манастыра. Люба там несла послух, Віталь – послух кандытара ў булачнай. З гэтага моманту ўсё і пачалося. У маі 1999 г. яны абвянчаліся. Неўзабаве Віталя рукапаклалі ў дыяканы, а затым – у святары. Яму далі прыход у Баранавіцкім раёне і на 2 гады, да заканчэння вучобы, вольнае наведванне заняткаў. Матушка Люба паступіла вучыцца ў Слонімскае медыцынскае вучылішча. Хутка айца Віталя накіравалі ў Маларыцкае благачынне настаяцелем прыхода ў в.Ляхаўцы. Першая Боская літургія на новым месцы была адслужана 30 верасня 2000 г. Матушка Люба пасля заканчэння вучобы ўладкоўвалася на працу медсястрой у мясцовую амбулаторыю. Адначасова, ужо больш за 10 гадоў, рэгентуе хорам. Мікалай НАВУМЧЫК. На здымку: матушка Любоў і айцец Віталь Равінскія са сваімі дзецьмі. Фота аўтара. ekklisia.by/ sobor.by/ (просмотров 3640) |
Новости разделов: