| | 18 СЕНТЯБРЯ 2017 (Понедельник) 16:04:43 У дзень прэзентацыі ў Полацку Новага Запавету на беларускай мове Sobor.by пагутарыў з членам Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэем Сергіем Гардуном, які падрабязна расказаў пра зроблены пераклад і яго сугучнасць з традыцыяй перакладу Свяшчэннага Пісання Францыскам Скарынам. Прафесар Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі айцец Сергій упэўнены, што Францыск Скарына быў праваслаўным чалавекам. І вось чаму:
- Я ўпэўнены абсалютна, што Францыск Скарына быў праваслаўным, а чаму?
Першае. Праваслаўная і каталіцкая царква ў Беларусі развіваліся ў розных нацыянальных традыцыях. Каталіцкая Царква несла з сабой лацінскую мову і лацінскую культуру, і польскую таксама. Калі б Скарына працаваў для католікаў, ён перакладаў бы на старапольскую мову, а ні ў якім разе не на старабеларускую.
Цяпер яшчэ адно. Скарына выдаваў так званыя некананічныя кнігі Бібліі, а значыць ён быў не пратэстантам. Прадмовы да перакладаў ён пісаў сам і часам арыентаваўся на тыя прадмовы, што былі ў царкоўнаславянскіх рукапісах, а часам на прадмовы лацінскай Бібліі Нікалая Лірынскага – ні тыя, ні тыя ён не ўзяў у чыстым выглядзе, а перарабляў, дадаючы свае думкі. Дык вось у тых самых яго прадмовах мы часта знаходзім упамінанне пра царкву і ніколі пра касцёл, знаходзім тэксты, якія сведчаць аб ужыванні гэтых кніг Свяшчэннага Пісання ў праваслаўнай царкве. Дапусцім, Псалтыр. У праваслаўным выданні Псалтыра ёсць дзяленні на кафізмы, яны патрэбны толькі праваслаўным людзям і то толькі ў выпадку, калі кніга будзе ўжывацца на богаслужэнні. У католікаў і тым больш пратэстантаў такога паняцця кафізмы і дзялення на іх няма. Скарына ж выдае сваю кнігу з падзяленнем на кафізмы, а значыць у праваслаўным выглядзе. Гэтак жа ён выдае Апостал – ён выдае не проста тэкст, а з указаннем зачал чытання ў праваслаўнай царкве. Яшчэ адна яго кніжка “Малая падарожная кніжка” змяшчае Часаслоў, праваслаўную вячэрню, утраню.
І, галоўнае, Скарына ў малітвах падкрэслівае сваю праваслаўнасць. Вядома, што Скарына з’яўляецца не толькі выдаўцом, але і аўтарам трох акафістаў у “Малай падарожнай кніжцы”. Ён склаў іх сам. У католікаў проста няма такога жанру – акафіст! Напісаць акафіст можа толькі чалавек, які дагэтуль сотні раз чытаў акафісты, які ведае іх структуру – гэта паэзія царкоўная. Жанр тэкстаў, якія Скарына сам складаў, абсалютна ўказвае на яго праваслаўнасць. Таму ў мяне сумненняў, што Скарына быў праваслаўным, няма. А сумненні ўзнікаюць таму, што ў сучасных спецыялістаў няма багаслоўскай адукацыі, таму яны разгублена і разводзяць рукамі.
Чытайце і глядзіце таксама:
25 гадоў працы. Новы Запавет пераклалі на беларускую мову з арыгіналу >>>
Беларусам - пра беларускую мову і нацыю. Інтэрв'ю з протаіерэем Сергіем Гардуном >>>
"Мова – гэта душа народа, і калі яна гіне - мы страчваем часцінку сябе". На балючыя пытанні пра беларускую мову адказаў протаіерэй Сергій Гардун >>>
Протаіерэй Сергій Гардун: Праваслаўе як падмурак беларускай нацыі >>>
/ sobor.by/ (просмотров 4714) |